У Бухарэсьце перад другім турам прэзыдэнцкіх выбараў адбыўся праэўрапейскі марш, у якім узялі ўдзел ня менш за тры тысячы грамадзян.
Удзельнікі акцыі скандавалі «Свабода!» і «Эўропа!». Паводле арганізатараў акцыі, Румынія перажывае вырашальны момант пасьля таго, як рэвалюцыя 1989 году адкрыла шлях да свабоды і дэмакратыі.
«Чалавечая годнасьць, фундамэнтальныя свабоды, роўнасьць людзей, салідарнасьць, правы грамадзян і справядлівасьць зьяўляюцца каштоўнасьцямі, якія могуць аб’яднаць нас усіх», — заявілі актывісты.
Грамадзяне выйшлі на акцыю пасьля таго, як Рада нацыянальнай абароны Румыні (CSAT) 4 сьнежня рассакрэціла дакумэнты, паводле якіх, краіна была мішэньню «агрэсіўных гібрыдных дзеяньняў Расеі», што прывялі да шокавай перамогі Кэліна Джарджэску ў першым туры.
Дакумэнты дапамагаюць растлумачыць, як папулярнасьць кандыдата Джарджэску вырасла з 1% незадоўга да выбарчай гонкі да 22% праз шырокую апэрацыю маніпуляцый, у якую ўцягнуліся ўплывовыя асобы і румынскія інстытуты, а таксама звычайныя выбарнікі.
Выбарнікі вызначаць пераможцу прэзыдэнцкіх выбараў 8 сьнежня ў другім туры, у якім Джарджэску сустрэнецца з праэўрапейскай кандыдаткай-цэнтрысткай Эленай Лясконі.
Форум