Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Юры Амбразевіч заявіў аб неэфэктыўнасьці міжнародных санкцый супраць Беларусі, паведамляе прэсавая служба МЗС Беларусі.
Ён сказаў, што большасьць удзельнікаў АБСЭ таксама ўжо нібыта «трывала і непадзельна бачаць сябе ў межах Нарады па ўсеагульных мерах даверу ў Азіі»:
«Усе спробы ЗША і Эўразьвязу задушыць Беларусь санкцыямі, абнесьці плотам разьбіліся аб альтэрнатыву ў выглядзе нашай саюзнай Расеі, нашага стратэгічнага партнэра Кітая, нашых аднадумцаў з шэрагу Глябальнага Поўдня, Глябальнай большасьці, якія ўсё больш і больш між сабой аб’ядноўваюцца», — заявіў Юры Амбразевіч на пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў краін Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ).
Прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі перакананы, што большасьць удзельнікаў сустрэчы таксама ўжо «трывала і непадзельна бачаць сябе ў межах Нарады па ўсеагульных мерах даверу ў Азіі».
Юры Амбразевіч падкрэсьліў, што Беларусь умацоўвае сваю бясьпеку ў АДКБ, выбудоўвае эканамічны саюз у ЭАЭС, разьвівае гуманітарную прастору ў СНД і шматмэтавую супрацу ў ШАС.
«Так, цяпер і Беларусь, і амаль усе мы ў гэтай залі належым да адной вельмі важнай і недаацэненай пакуль на Захад ад Вены прасторы — да Вялікай Эўразіі. Проста нагадаю ў якасьці аднаго прыкладу, што менавіта Беларусь сёньня надзейна абслугоўвае найбольш загружаную і важную артэрыю найбольш доўгага наземнага транзытнага шляху з Кітаю ў Заходнюю Эўропу. Таму ў Менску перакананыя, што будучыня наша кантынэнту ад Лісабона і да Сэула ляжыць у рамках эўразійскай бясьпекі», — заявіў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Юры Амбразевіч.
Юры Амбразевіч дадаў, што большасьць сяброў АБСЭ павінны зноў стаць аднадумцамі, каб папярэдзіць поўнамаштабную вайну ў Эўропе.
«Беларусь усё яшчэ бачыць у АБСЭ патэнцыйны інструмэнт для дасягненьня гэтай мэты», — сказаў ён і дадаў, што беларускі бок гатовы «да зьмястоўнага і раўнапраўнага ўзаемадзеяньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве адной з вонкавых пагроз назвалі павелічэньне ўплыву Кітаю ў Беларусі31-е пасяджэньне Рады міністраў замежных спраў АБСЭ праходзіць у Валеце, сталіцы Мальты.
Напярэдадні мерапрыемства ў МЗС Расеі заявілі пра «інстытуцыянальны крызіс» АБСЭ, які, на думку расейскага боку, стаў «наступствам дэструктыўных дзеяньняў шэрагу заходніх краін». Нягледзячы на гэта, Лаўроў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу, прыехаў на Мальту.
- У 2023 годзе пасяджэньне Рады міністраў замежных спраў АБСЭ праходзіла ў Паўночнай Македоніі, якая не ўваходзіць у Эўразьвяз, таму кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў змог наведаць мерапрыемства. У 2023 годзе пасяджэньне праходзіла ў Польшчы, улады якой адмовіліся запрашаць Лаўрова.
- У чэрвені 2024 году Румынія адмовіла ў выдачы візаў чальцам расейскай дэлегацыі для ўдзелу ў штогадовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. У румынскім МЗС заявілі, што ў сувязі з расейскай агрэсіяй супраць Украіны «ніводнаму з чальцоў дэлегацыі Расейскай Фэдэрацыі ня выдадуць візы і ня будзе дазволены ўезд у краіну». У адказ на гэта Савет Фэдэрацыі і Дзярждума РФ прынялі заяву аб прыпыненьні ўдзелу дэлегацыі Расеі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і выплаты ўнёскаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Геастратэг і лідэр «глябальнай большасьці». Перадвыбарчыя гульні Лукашэнкі