Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве адной з вонкавых пагроз назвалі павелічэньне ўплыву Кітаю ў Беларусі


Прэм’ер-міністар Літвы Гінтаўтас Палуцкас. Архіўнае фота
Прэм’ер-міністар Літвы Гінтаўтас Палуцкас. Архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Літвы Гінтаўтас Палуцкас прадставіў у літоўскім парлямэнце праграму дзейнасьці свайго ўраду.

Як адзначаецца на афіцыйным сайте Сейму Літвы, новы ўрад мае намер праводзіць актыўную, канструктыўную і прадказальную замежную палітыку.

Сярод вонкавых выклікаў кіраўнік літоўскага ўраду Гінтаўтас Палуцкас назваў Кітай і яго ўплыў на Беларусь.

«Стратэгічнае партнэрства Кітая з Расеяй і рост яго ўплыву ў Беларусі можна разглядаць як пагрозу. У такіх умовах для Літвы важная адзіная пазіцыя краін Эўразьвязу і NATO у дачыненні да Кітаю», — адзначаецца ў дакумэнце.

Гінтаўтас Палуцкас заявіў, што Літва працягне разьвіваць эканамічныя і культурныя сувязі з Тайванем, а таксама падтрымку Ўкраіны. Паводле яго, у фінансавым вымярэньні патрымка Ўкраіны ня будзе меншай за 0,25 % ад ВУП.

«Мы будзем падтрымліваць Украіну да перамогі і пасьля яе будзем усяляк падтрымліваць Украіну ў імкненьні да больш хуткага ўступленьня ў ЭЗ і ў NATO. Мы будзем імкнуцца да таго, каб пазыцыя Эўразьвязу, краін NATO і іншых нашых хаўрусьнікаў у пытаньні Расеі заставалася адзінай і адпавядала доўгатэрміновым інтарэсам бясьпекі Эўропы», — заявіў прэм’ер Літвы.

Як вынікае з апублікаванага дакумэнту, урад Літвы прадоўжыць распачатыя папярэднім урадам захады для ўзмацненьня нацыянальнай абароны і забясьпечыць фінансаваньне гэтага сэктару на ўзроўні ня менш за 3,5% ад ВУП.

«Мы будзем ініцыяваць фармаваньне фінансавага інструмэнту на ўзроўні Эўразьвязу, закліканага салідарна адказаць на рост пагрозаў для эўрапейскай бясьпекі. Мы забясьпечым сталае разьмяшчэньне нямецкай брыгады ў Літве ў 2027 годзе. Мы будзем умацоўваць магчымасьці літоўскага войска, даючы прыярытэт стварэньню нацыянальнай дывізіі. Мы будзем супрацоўнічаць з партнэрамі па NATO, умацоўваючы магчымасьці калектыўнай абароны», — заявіў Гінтаўтас Палуцкас.

Згодна з праграмай ураду, у асаблівым прыярытэце будуць разьвіцьцё нацыянальнай абароннай прамысловасьці і тэхналёгій, а таксама ўзмацненьне грамадзянскай абароны як неад’емнай часткі падрыхтоўкі дзяржавы і грамадзтва да абароны краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG