Гэта выбарчы фарс, і ўлада гэтага ўжо нават не саромеецца, — палітоляг Котаў

Ілюстрацыйнае фота. Прапагандыст Рыгор Азаронак ставіць подпіс у падтрымку вылучэньня Аляксандра Лукашэнкі кандыдадатам у прэзыдэнты. 7 лістапада 2024 году

Палітоляг, былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Анатоль Котаў аналізуе сцэнары выбарчай кампаніі і адказвае на пытаньне, ці атрымае Лукашэнка публічную падтрымку з боку Пуціна.

Сьцісла:

  • Галоўная прычына такога сцэнару «выбараў» — гэта гульня для Пуціна.
  • Сабраць сто тысячаў подпісаў — гэта вельмі складана. Мала каму гэта сапраўды ўдавалася падчас усіх ранейшых прэзыдэнцкіх выбараў.
  • Ужо ня першы месяц Лукашэнка спрабуе дамагчыся ад Расеі і асабіста ад Пуціна публічнай падтрымкі.
  • Сумнеўна, што Лукашэнка атрымае на сустрэчы 7 сьнежня публічную заяву аб падтрымцы менавіта ад Пуціна.
  • Фактычна выбар застаецца такі: альбо вырывацца з абдымкаў Расеі, альбо цалкам здавацца Маскве.

— Усе так званыя патэнцыйныя «кандыдаты» ў гэтай выбарчай кампаніі заявілі, што нібыта сабралі неабходныя для рэгістрацыі сто тысяч подпісаў грамадзянаў. Пры тым, што мала хто бачыў нейкія пікеты, на якіх зьбіралі подпісы. Які сцэнар выбрала ўлада ў гэтай кампаніі, як далей будзе ісьці рэгістрацыя?

— Можна сказаць, што гэта «ідэальныя» з гледзішча інтарэсаў рэжыму выбары, бо выбарнікі ім увогуле не патрэбныя на ўсіх этапах гэтага фарсу. Сабраць сто тысячаў подпісаў — гэта вельмі складана. Можна сьцьвярджаць, што мала каму гэта сапраўды ўдавалася зрабіць падчас усіх ранейшых прэзыдэнцкіх выбараў.

Аб’яднаны штаб Сьвятланы Ціханоўскай у 2020 годзе зрабіў гэта, бо была вялікая колькасьць зьбіральнікаў, сур’ёзны ўздым у беларускім грамадзтве. Таксама дапамагалі сучасныя тэхналёгіі. Аднак многія нават апазыцыйныя кандыдаты падчас ранейшых выбарчых кампаніяў фактычна малявалі сабе сабраныя подпісы. І гэта давала магчымасьць уладзе рэгістраваць таго, каго яна лічыла патрэбным.

Цяпер можа сказаць, што ўсе «кандыдаты», якія ўдзельнічаюць у гонцы, будуць зарэгістраваныя. Бо яны прадстаўляюць тыя палітычныя партыі, якія рэжым вырашыў захаваць. І лёгіка ўлады такая: калі існуе партыя, то яна павінна паўдзельнічаць у гэтым працэсе.

— Такім чынам, менскія ўлады дакладна паўтараюць сцэнар апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі? Іх не хвалюе, што такія падабенствы могуць кідацца ў вочы і ўказваць на несамастойнасьць Менску?

— Цяпер такая сытуацыя, што нікога ўжо не турбуе, як гэта ўсё выглядае. Бо ніякіх выбараў няма, іх і ня можа быць. Таму ніхто ўжо не саромеецца, не спрабуе захоўваць хоць нейкія вонкавыя дэкарацыі для гэтага працэсу. Усе разумеюць, што для прэтэндэнтаў, якія засталіся, нечаканасьцю стала, што яны ўвогуле вылучаныя для ўдзелу ў якасьці канкурэнтаў Лукашэнкі. Відавочна, што ніякая партыя (напрыклад, Партыя працы і справядлівасьці) сама не зьбіралася вылучаць свайго прадстаўніка ў кандыдаты. Бадай, за выключэньнем Гайдукевіча, партыя якога традыцыйна бярэ ўдзел у прэзыдэнцкіх кампаніях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прымус да ляяльнасьці. Збор подпісаў як стрэс-тэст для сыстэмы

— Але для каго гэтая імітацыя? Менск даўно ўжо не баіцца папрокаў Захаду ў недэмакратычнасьці. Для якіх патрэбаў і задачаў тады ўся гэтая кампанія?

— Я мяркую, першая і галоўная прычына, чаму ўсё робіцца менавіта так, — гэта гульня для Пуціна. Фактычна гэта адгалоскі старых дамоўленасьцяў наконт таго, што ў Беларусі будзе праведзена канстытуцыйная рэформа, падвысіцца ўлада УНС, партыі пачнуць выконваць больш істотную ролю. Таму ўсе партыі, якія выжылі, атрымалі загад узяць удзел у выбарах, прадэманстраваць сваю ляяльнасьць.

І заўтра, 7 сьнежня, падчас сустрэчы ў Менску Лукашэнка можа сказаць Пуціну: «Ты хацеў, каб у нас была больш прадстаўнічая палітычная карціна? Мы ўсё зрабілі. Але па-свойму».

— Ці можна чакаць, што на гэтай сустрэчы Пуцін нейкім чынам выкажацца ў падтрымку Лукашэнкі як кандыдата падчас прэзыдэнцкіх «выбараў»? Ці такой патрэбы няма?

— Патрэба якраз ёсьць. Вось ужо ня першы месяц Лукашэнка спрабуе дамагчыся ад Расеі і асабіста ад Пуціна публічнай падтрымкі. І пакуль гэтая задача ня выкананая. І для мяне выглядае сумнеўна, што Лукашэнку ўдасца пачуць на сустрэчы 7 сьнежня публічную заяву аб падтрымцы менавіта ад Пуціна, а не ад расейскіх чыноўнікаў ці палітыкаў трэцяга разраду.

— Некаторыя аналітыкі і публіцысты лічаць, што гэтая выбарчая кампанія можа стаць нейкім пунктам, пасьля якога Лукашэнка можа паспрабаваць палепшыць стасункі з Захадам. Маўляў, глядзіце, як у нас спакойна, на выбарах была канкурэнцыя — давайце перагорнем старонку.

— Яму трэба рабіць крокі насустрач Захаду яшчэ да 26 студзеня, да даты выбараў. Бо гэта можа даць яму хоць нейкую прастору для манэўраваньня і далейшага торгу з Пуціным.

Лукашэнка гэтым займаўся ўсе 30 гадоў, але зараз магчымасьці ягоных рухаў у бок Захаду вельмі абмежаваныя. Бо ёсьць вельмі сур’ёзная залежнасьць ад Расеі — яна большая, чым была год-два таму. І нашмат большая, чым 5 гадоў таму. Любы крок у бок Захаду можа сутыкнуцца зь яшчэ больш сур’ёзнымі праблемамі. Калі казна пустая — ня надта разгуляесься.

Зь іншага боку, любая спроба нармалізацыі з Захадам павінна быць сапраўднай і рашучай. Фактычна выбар стаіць такі: альбо вырывацца з абдымкаў Расеі, альбо цалкам здавацца Маскве. Заставацца на раздарожжы ўжо вельмі цяжка.

Пэўныя захады для нармалізацыі ўжо былі зробленыя, у тым ліку вызваленьне пэўнай колькасьці палітвязьняў. Аднак гэта ўсё пакуль ня мае нейкага сыстэмнага характару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Беларусі фальшуюць выбары. 15 спосабаў падману