У Кангрэсе ЗША 5 сьнежня прайшлі слуханьні, на якіх абмеркавалі саўдзел Беларусі ў прымусовым перамяшчэньні і перавыхаваньні ўкраінскіх дзяцей, пытаньні вайсковага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі, а таксама іх ухіленьне ад санкцыяў.
Відэа з паседжаньня можна паглядзець па спасылцы.
Беларусь цяпер «фактычна кантралюецца Пуціным», лічыць кангрэсмэн Уілсан
«Дыктатар Лукашэнка дасюль кантралюе Беларусь. Пасьля 30 гадоў ва ўладзе і шматлікіх фальсыфікаваных выбараў ягоныя адносіны з ваенным злачынцам Пуціным больш блізкія, чым калі-небудзь. Менавіта Пуцін дапамог яму ўтрымаць уладу падчас масавых пратэстаў у 2020 годзе. Лукашэнка вярнуў сабе ласку, дазволіўшы скарыстаць Беларусь у якасьці пляцоўкі, зь якой адбыўся напад на Ўкраіну, і зрабіўшы яе месцам, дзе зьдзяйсьняюцца іншыя злачынствы, такія як прымусовае выкраданьне ўкраінскіх дзяцей», — сказаў на пачатку паседжаньня старшыня камісіі, рэспубліканец Джо Ўілсан.
Кангрэсмэн Уілсан адзначыў, што Беларусь цяпер «фактычна кантралюецца Пуціным», бо Лукашэнка «прадаў яе незалежнасьць, каб абараніць свае інтарэсы».
«Вельмі важна, каб мы прымалі адпаведныя меры і засьцярогі: гэта азначае аднолькавае стаўленьне да Беларусі і Расеі ў пытаньні санкцыяў. Мы павінны пераканацца, што Расея ня можа выкарыстоўваць Беларусь у якасьці шчыліны для абыходу санкцыяў», — падкрэсьліў ён.
Таксама ён выказаў падтрымку беларускаму народу, які змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі, і заклікаў да вызваленьня беларускіх палітвязьняў.
Купрэйчык: рэжым Лукашэнкі павялічвае вайсковыя пастаўкі Расеі
На слуханьнях у якасьці сьведкі ў заяўленых тэмах выступілі прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Мацьвей Купрэйчык, кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс і экспэртка ў прававых пытаньнях Рэгіянальнага цэнтру правоў чалавека Кацярына Рашэўская.
Прадстаўнік BelPol Мацьвей Купрэйчык падчас выступу адзначыў, што ягоная арганізацыя дакумэнтуе злачынствы Лукашэнкі, сярод якіх палітычныя рэпрэсіі, факты карупцыі, саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны і іншыя, і падкрэсьліў, што Лукашэнка не зьяўляецца легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
«Наша арганізацыя атрымала дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўжо запусьціў мэханізм фальсыфікацыі так званых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2025 годзе», — расказаў Купрэйчык.
Ён прадэманстраваў удзельнікам падрыхтаваную BelPol справаздачу, прысьвечаную фальсыфікацыі мінулых выбараў у Беларусі і падрыхтоўцы ўладаў Беларусі да будучых выбараў 2025 году, і прапанаваў зь ёй азнаёміцца.
Таксама Купрэйчык заявіў, што мае дакумэнты, якія сьведчаць пра тое, што рэжым Лукашэнкі павялічвае вайсковыя пастаўкі Расеі. Паводле яго, за 8 месяцаў 2024 году прадпрыемствы Дзяржваенпраму Беларусі паставілі Расеі больш тавараў вайсковага прызначэньня, чым за ўвесь 2023 год. Купрэйчык назваў шэраг канкрэтных лічбаў, якія сьведчаць пра павелічэньне вайсковых паставак у Расею, і заклікаў узмацніць санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў Беларусі, якія «падтрымліваюць расейскую агрэсію ва Ўкраіне».
Купрэйчык заявіў, што, паводле зьвестак BelPol, 6 сьнежня Лукашэнка павінен падпісаць пагадненьне з Расеяй, якое дазволіць Расеі разьмясьціць новыя вайсковыя базы і кантынгент на тэрыторыі Беларусі.
Ландсбергіс: Беларусь найбольш дапамагае Расеі абыходзіць санкцыі
Кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс падчас свайго выступу падкрэсьліў, што агрэсіўныя дзеяньні Беларусі пачаліся яшчэ ў 2020 годзе, разам з маштабнымі рэпрэсіямі супраць удзельнікаў пасьлявыбарчых пратэстаў, а таксама згадаў у якасьці «пераломнага моманту» эпізод з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair для затрыманьня Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі ў 2021 годзе. Таксама ён нагадаў пра міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі зь Літвой, Польшчай і Латвіяй, справакаваны рэжымам Лукашэнкі.
«Беларусь — краіна нумар адзін, якая найбольш дапамагае Расеі абыходзіць санкцыі. Вельмі важна, каб мы прывялі ў адпаведнасьць санкцыі, уведзеныя супраць Расеі, з санкцыямі супраць Беларусі», — працягнуў Ландсбергіс.
Таксама ў сваім выступе кіраўнік МЗС Літвы, сярод іншага, закрануў прымусовы вываз украінскіх дзяцей у Беларусь, разьмяшчэньне Расеяй ядзернай зброі ў Беларусі і знаходжаньне байцоў ПВК «Вагнэр» у краіне.
Экспэртка расказала, як у Беларусі перавыхоўваюць украінскіх дзяцей
Экспэртка ў прававых пытаньнях Рэгіянальнага цэнтру па правах чалавека Кацярына Рашэўская ў сваім выступе засяродзілася на ролі Беларусі ў незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей і іх «перавыхаваньні» ў духу любові да Расеі.
Многія людзі, якія падтрымліваюць Украіну, ведаюць, што Расея вывезла з тэрыторыі краіны больш за 90 тысяч дзяцей, але роля Беларусі ў перамяшчэнні, індактрынацыі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей менш вядомая. Пра гэта заявіла экспэртка ў прававых пытаньнях Рэгіянальнага цэнтру правоў чалавека (Украіна) Кацярына Рашэўская 5 сьнежня ў Вашынгтоне на слуханнях Камісіі ЗША аб бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (Хэльсынская камісія) «Роля Беларусі ў злачынствах Расеі».
Па сьцвярджэньні Рашэўскай, рэжым Лукашэнкі вучыць украінскіх дзяцей быць гатовым памерці за краіну, якая здзяйсьняе злачынства ў дачыненьні да іх саміх.
Яна азнаёміла прысутных з асноўнымі палажэньнямі даклада «Украдзенае дзяцінства», які падрыхтавалі міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House (штаб-кватэра ў Вашынгтоне), беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна», аб’яднаньне былых беларускіх сілавікоў BelPol, а таксама Рэгіянальны цэнтр правоў чалавека (Украіна). У дакумэнце гаворыцца, што рэжым Лукашэнкі «перамяшчае, ідэалягічна апрацоўвае, перавыхоўвае і мілітарызуе» дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў рамках палітыкі РФ па «зьнішчэньні ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці».
Па словах Рашэўскай, многія бацькі, якія даюць дазвол на накіраваньне сваіх дзяцей у Беларусь, робяць гэта пад пагрозай пазбаўленьня бацькоўскіх правоў, але ёсць і такія, якім кажуць, што гэта адзіны спосаб выратаваць жыцьці іх дзяцей. Пры гэтым ніводны з бацькоў не дае згоды на тое, што адбываецца затым усярэдзіне г. зв. «адукацыйных лягераў», адзначыла яна.
У згаданым Рашэўскім дакумэнце аўтары зьвяртаюць увагу на тое, што Лукашэнка «асабіста заклаў аснову для перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей на беларускую тэрыторыю». Беларускі рэжым «актыўна рэалізуе дзяржаўную палітыку Расеі ў зьнішчэньні ўкраінскай ідэнтычнасьці праз сыстэматычную ідэалагічную апрацоўку дзяцей».
Дакладчыкі перакананыя, што рэжым Лукашэнкі датычны да мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей Расеяй.
«Улады краіны прымушаюць украінскіх дзяцей наведваць праваахоўныя органы і вайсковыя часткі, а таксама сустракацца з прадстаўнікамі беларускай арміі і вайсковымі моладзевымі арганізацыямі, — гаворыцца ў дакладзе. — Навучальныя праграмы для беларускіх дзяцей падтрымліваюць рэжым і ўключаюць некаторыя вайсковыя элемэнты, а ў праграмах, якія рэжым выкарыстоўвае ў адносінах да ўкраінскіх дзяцей, акцэнт робіцца на сьціраньні іх нацыянальнай ідэнтычнасьці».
Рэжымы ў Менску і Маскве выкарыстоўваюць украінскіх дзяцей у прапагандысцкіх мэтах, канстатавалі аўтары. Падкрэсліваецца, што беларускія ўлады «прымушаюць украінскіх дзяцей удзельнічаць у фатаздымках і відэазапісах, якія затым трансьлююцца дзяржаўнымі СМІ ў абедзьвюх краінах, каб апраўдаць і легітымаваць іх перамяшчэньне, ідэалягічную апрацоўку і мілітарызацыю». Дзяцей прымушаюць у гэтым удзельнічаць «без аглядкі на іхныя інтарэсы, права на асабістае жыцьцё або рызыку паўторнай траўматызацыі».
Яна расказала, што праваабаронцы ідэнтыфікавалі 2219 украінскіх дзяцей, якіх вывезьлі ў Беларусь, дзе пасьля займаліся іх «перавыхаваньнем». Экспэртка адзначыла, што некаторых бацькоў вымусілі даць дазвол на вываз дзіцяці пад пагрозай пазбаўленьня бацькоўскіх правоў, а некаторыя верылі, што гэта адзіная магчымасьць захаваць жыцьцё свайму дзіцяці, але «ніводзін з бацькоў не даваў дазволу на тое, што адбывалася ўнутры гэтых лягераў для перавыхаваньня».
Кацярына Рашэўская, сярод іншага, падрабязна расказала прысутным пра мэтады «перавыхаваньня» ўкраінскіх дзяцей у Беларусі, а таксама пералічыла адказных за іх перамяшчэньне, назваўшы ў тым ліку Аляксандра Лукашэнку і Ўладзіміра Пуціна.
- Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь вывезьлі сама меней 2,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны (паводле ацэнкі «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» — ня менш за 3,5 тысячы).
- Праваабаронцы вызначылі 18 беларускіх інстытуцый, куды з 2021 году рэгулярна вывозілі ўкраінскіх дзяцей ва ўзросьце ад шасьці гадоў.
- Паводле справаздач праваабаронцаў і расьсьледаваньня Свабоды, дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць у духу любові да Расеі і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі па выкараненьні ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці.
- «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» зьбірае зьвесткі пра перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з «ДНР» і «ЛНР» у Беларусь. У 2023 годзе НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд матэрыялы аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей, у якіх расказваецца пра ролю Беларусі ў гэтым.
- Датычнымі да выкраданьня ўкраінскіх дзяцей называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
- 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
- Нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый, калі ёсьць доказы гэтага, заявіў у кастрычніку 2024 году прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суду Фадзі эль-Абдала.
- ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
- Па стане на канец кастрычніка 2024 году дэпартаванымі або вымушана перамешчанымі, паводле зьвестак украінскіх уладаў, лічацца 19 546 дзяцей. Больш за 1700 дзяцей лічацца зьніклымі бязь вестак.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.