Дар’я Зарыўная, дарадца кіраўніка Андрэя Ермака, які ўзначальвае Офіс прэзыдэнта Ўкраіны, заявіла аб вышуку амаль 20 тысяч дзяцей, якія сталі ахвярамі незаконнай дэпартацыі і прымусовага перамяшчэньня ў Расею, але рэальная колькасьць такіх дзяцей можа перавышаць гэтую лічбу ў некалькі сотняў разоў.
«Расейскія чыноўнікі сыстэматычна адмаўляюцца даваць інфармацыю. Але, каб вы мелі ўяўленьне, упаўнаважаная ў правах дзяцей у Расеі Марыя Львова-Бялова пахвалілася, што „расьсяліла“ ў Расеі больш за 700 тысяч украінскіх дзяцей», — сказала Дар’я Зарыўная на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН, скліканым для абмеркаваньня і прыцягненьня асаблівай увагі сьвету да злачынстваў Расеі супраць дзяцей у часе вайны.
Дар’я Зарыўная таксама зьяўляецца апэрацыйнай дырэктаркай ініцыятывы Bring Kids Back UA, створанай ва Ўкраіне на прапанову Ўладзіміра Зяленскага для аб’яднаньня намаганьняў украінскага ўраду і краін-партнэраў для вяртаньня ўкраінскіх дзяцей дадому.
Паводле яе, з Расеі змаглі вярнуць толькі 1022 дзіцяці. Для гэтага была задзейнічаная Міжнародная кааліцыя за вяртаньне ўкраінскіх дзяцей, да якой далучыліся 41 краіна і Рада Эўропы.
Дар’я Зарыўная прадэманстравала ўдзельнікам пасяджэньня ўкраінскае пасьведчаньне аб нараджэньні Маргарыты Пракапенкі і параўнала яго з расейскім дакумэнтам, выдадзеным на імя Марыны Міронавай. Расея выдала гэтае пасьведчаньне пасьля выкраданьня 10-месячнай Маргарыты з херсонскага Дома дзіцяці. У Расеі дзяўчынцы зьмянілі імя, месца нараджэньня і ўдачарылі ў сям’і дэпутата Дзярждумы Расеі Сяргея Міронава.
«Херсонскі дом дзіцяці. Толькі адзін з шматлікіх выпадкаў. Яго маленькім выхаванцам давялося хавацца ў падвале царквы, калі ваша армія ўвайшла ў горад. Але ФСБ іх знайшла. Іх дэпартавалі. Вы дакладна ведаеце, дзе цяпер нашы дзеці. Хопіць іх мучыць. Вярніце дзяцей ва Ўкраіну», — сказала Дар’я Зарыўная, зьвяртаючыся да прадстаўнікоў Расеі.
Напярэдадані пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН дасьледнікі Ейльскага ўнівэрсытэту заявілі ў сваёй справаздачы, што расейская ўлада рэалізуе сыстэмную і шырокую праграму дэпартацыі дзяцей з Украіны і іхнага прымусовага ўсынаўленьня і перавыхаваньня ў Расеі. Гэтую апэрацыю з намерам русыфікаваць украінскіх дзяцей асабіста ініцыявалі Ўладзімір Пуцін і яго падначаленыя.
Дасьледаваньне праводзілі цягам 20 месяцаў ад пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну і, як адзначаецца, яно стала найбольш поўнай справаздачай аб маштабных перамяшчэньнях украінскіх дзяцей у Расею. Аўтары дасьледаваньня ідэнтыфікавалі імёны 314 дзяцей, якіх незаконна вывезьлі з акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай абласьцей у Расею і перадалі на прымусовае ўсынаўленьне.
У сакавіку 2023 году Міжнародны крымінальны суд (МКС) выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзяцей Расеі Марыі Львовай-Бяловай.
Раней шэраг міжнародных арганізацый і беларускія дэмакратычныя сілы сабралі доказы датычнасьці Беларусі да дэпартацыі Расеяй украінскіх дзяцей. Аднак у заяве ўкраінскай дэлегацыі, абвешчанай на Радзе Бясьпекі ААН, пра ўдзел Беларусі ў гэтым працэсе не згадалі.
Доказы датычнасьці Беларусі да выкраданьня Расеяй украінскіх дзяцей перадалі праваахоўным органам Украіны і ў Міжнародны крымінальны суд. Па даручэньні Аляксандра Лукашэнкі дзяцей вывозяць праз РФ у Беларусь нібыта на «аздараўленьне». Арганізацыяй іх разьмяшчэньня ў беларускіх лягерах займаецца фонд Талая. Акрамя таго, вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь рэжыму Лукашэнкі дапамагае Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа.
Форум