Спэцназ зноў разганяў удзельнікаў пратэсту ў Тбілісі

Калёна пратэстоўцаў на праспэкце Чаўчавадзэ, Тбілісі, 3 сьнежня 2024

У сталіцы Грузіі завяршылася чарговая акцыя пратэсту апазыцыі.

Людзі зьбіраюцца на праспэкце Чаўчавадзэ і праспэкце Руставэлі. Гэтым разам спэцназ і паліцыя зь пярцовымі балёнчыкамі імкнуліся разагнаць дэманстрантаў. Яшчэ да зьяўленьня спэцназу пратэстоўцы пакінулі праспэкт Чаўчавадзэ, а затым вярнуліся на яго, піша грузінская служба Свабоды.

Сілавікі гэтым разам зноў выкарыстоўвалі вадамёт.

Пратэстоўцы будавалі барыкады і палілі вогнішчы. Цяпер тэрыторыю перад першым корпусам дзяржаўнага ўнівэрсытэту прыбіраюць улады. Па дарозе зноў пачаў рух грамадзкі транспарт.

Журналісты адзначаюць, што на цяперашняй акцыі разгон дэманстрантаў пачаўся раней, чым у папярэднія дні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат Дзярждумы: Расея гатова дапамагчы Грузіі «войскамі супраць барбараў»

Тым часам «Грузінскі легіён» — вайсковая адзінка, якая ваюе за Ўкраіну супраць Расеі, выпусьціў афіцыйную заяву. У ёй грузінскія ваяры адзначылі, што ў сеціве зьявілася інфармацыя пра вяртаньне байцоў на радзіму дзеля процістаяньня з уладамі.

Аднак у «Грузінскім легіёне» адзначылі, што гэта зьяўляецца расейскай дэзынфармацыяй. Там падтрымалі імкненьне народу змагацца за эўрапейскую інтэграцыю, абурыліся рашэньнямі «Грузінскай мары» яе не працягваць і падкрэсьлілі, што байцы застаюцца ва Ўкраіне «змагацца з агульным ворагам — Расеяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Грузіі заявіў, што выключае магчымасьць перамоваў з апазыцыяй

У Грузіі працягваюцца пратэсты праз рашэньне кіроўнай партыі «Грузінская мара» адмовіцца да 2028 году ад перамоваў аб уступленьні ў Эўразьвяз. Грузінскія сілы бясьпекі ўжылі сьлезацечны газ і вадамёты для разгону пратэстоўцаў.

Пасьля парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку, на якіх кіроўная партыя «Грузінская мара» набрала 54% галасоў, апазыцыя і заходнія ўрады заявілі, што галасаваньне было азмрочанае парушэньнямі і расейскім уплывам.

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што лічыць парлямэнт нелегітымным і застанецца на сваёй пасадзе да выбраньня новага парлямэнту. Выбары прэзыдэнта ў Грузіі прызначылі на 14 сьнежня. Галасаваньне ня будзе ўсенародным, прэзыдэнта выбера парлямэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Грузінскі журналіст і беларускі праваабаронца пра «сінія пальцы» на пратэстах у Грузіі