Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Грузіі заявіў, што выключае магчымасьць перамоваў з апазыцыяй


Прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ
Прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ

На прэсавай канфэрэнцыі ў Тбілісі 2 сьнежня Іраклі Кабахідзэ абвінаваціў апазыцыйныя партыі ў спробах арганізаваць «Нацмайдан» з дапамогай непразрыстага фінансаваньня з-за мяжы. Паводле яго, гэта «напад на канстытуцыйны лад у Грузіі».

У ноч на 2 сьнежня грамадзяне Грузіі чацьвёрты раз запар сабраліся каля будынка парлямэнту ў Тбілісі, каб пратэставаць супраць рашэньня ўраду прыпыніць інтэграцыю з Эўразьвязам. Як паведамляе BBC, паліцыя для разгону дэманстрантаў скарыстала вадамёты і сьлезацечны газ, а пратэстоўцы ў адказ запускалі пэтарды.

Праграма «Эхо Кавказа» паведаміла пра затрыманьне лідэра партыі «Гірчы — Больш свабоды» і аднаго з кіраўнікоў апазыцыйнай «Кааліцыі за перамены» Зураба Джапарыдзэ.

Раней прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі выступіла са зваротам да супрацоўнікаў праваахоўных органаў і заклікала іх не ўжываць сілу на акцыях пратэсту.

2 сьнежня Эстонія, Латвія і Літва дамовіліся ўвесьці нацыянальныя санкцыі супраць асобаў, датычных да разгону апазыцыйных пратэстаў у Грузіі. Яны забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю 11 грузінскім палітыкам і чыноўнікам. Сярод іх міністар унутраных спраў Грузіі Вахтанг Гамелауры і ганаровы старшыня партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі. Сярод асобаў, якія падпалі пад візавыя санкцыі, — 4 намесьнікі кіраўніка МУС і 5 кіраўнікоў розных дэпартамэнтаў міністэрства.

Паводле зьвестак МУС Грузіі, падчас пратэстаў каля парлямэнту краіны затрымалі 224 чалавек, іх абвінавачваюць паводле артыкулаў аб дробным хуліганстве, супраціве і непадпарадкаваньні паліцыі. Суд ужо аштрафаваў 36 чалавек, яшчэ 34 былі прыгавораныя да адміністрацыйнага арышту.

Яшчэ двум пратэстоўцам прад’явілі абвінавачваньні ў нападзе на паліцыянтаў і нанясеньні шкоды.

Як сьцьвярджаюць у МУС, мінулай ноччу падчас пратэстаў пацярпеў 21 супрацоўнік паліцыі, а ўсяго за апошнія некалькі дзён пацярпелі 113 паліцыянтаў.

28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ абвясьціў аб прыпыненьні перамоваў з ЭЗ і адмове ад грантаў Эўразьвязу да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў ЭЗ да 2030 году. Рашэньне ўладаў выклікала масавыя пратэсты перад будынкам парлямэнту ў Тбілісі. Дэманстранты спрабавалі ўзьвесьці барыкады, пачаліся сутычкі з паліцыяй. Для разгону пратэстоўцаў паліцыя ўжывала вадамёты і сьлезацечны газ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG