Тэлеканал «Руставі 2» паведаміў зьвесткі МУС Грузіі, паводле якіх цягам ночы 1 сьнежня былі затрыманыя 50 дэманстрантаў.
З улікам зьвестак, агучаных раней, агульная колькасьць затрыманых у Тбілісі перавысіла 200 чалавек. Частка зь іх была вызваленая, частка знаходзіцца ў ізалятарах часовага ўтрыманьня, а некаторыя, паводле слоў адвакатаў, праходзяць лячэньне ў клініках, паведамляе «Эхо Кавказа». Сярод затрыманых ёсьць адзін беларус.
Падчас акцый пратэсту на праспэкце Руставэлі ў Тбілісі (у ноч на 1 сьнежня) пацярпелі 44 чалавекі, паведамляюць у Міністэрстве здароўя Грузіі.
Зь іх 27 — удзельнікі мітынгу, 1 — прадстаўнік СМІ і 16 — супрацоўнікаў МУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы падчас разгону пратэстаў у Тбілісі беларус у СІЗА чакае судуЗатрыманыя ў асноўным праходзяць па адміністрацыйных артыкулах: іх абвінавачваюць у непадпарадкаваньні паліцыі і дробным хуліганстве.
У некаторых выпадках адвакаты патрабуюць пераносу слуханьня ў судзе, паколькі, паводле іх слоў, некаторыя зь іх падабаронных пацярпелі: у іх ёсьць зьнешнія пашкоджаньні і пераломы.
- У Тбілісі трэція суткі працягваюцца акцыі пратэсту пасьля таго, як прэм’ер-міністар Грузіі аб’явіў аб прыпыненьні перамоваў аб уступленьні ў ЭЗ.
- Увечары 29 лістапада ў шэрагу гарадоў Грузіі (у Батумі, Кутаісі, Зугдзідзі, Горы, Поці, Чхароцку) людзі выйшлі на пратэсты супраць прыпыненьня эўраінтэграцыі Грузіі.
- 28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі і сябра кіроўнай «Грузінскай мары» Іраклій Кабахідзэ аб’явіў пра прыпыненьне перамоваў з Эўразьвязам і адмову ад яго грантаў да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў Эўразьвяз да 2030 году. Інтэграцыя краіны ў Эўразьвяз і NATO прапісаная ў грузінскай Канстытуцыі.