Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі на брыфінгу 30 лістапада заявіла, што яе паўнамоцтвы скончацца толькі пасьля правядзеньня новых парлямэнціх выбараў у Грузіі, якія будуць адпавядаць дэмакратычным стандартам і на якіх будуць прысутнічаць міжнародныя назіральнікі. Да таго часу, заявіла Зурабішвілі, яна застанецца на пасадзе і працягне барацьбу.
«Нелегітымны парлямэнт ня зможа выбраць новага прэзыдэнта. Такім чынам, інаўгурацыя не адбудзецца. І мой мандат працягваецца, пакуль ня будзе легітымна абранага парлямэнту», — сказала Зурабішвілі ў сваім тэлезвароце.
Прарасейская кіроўная партыя «Грузінская мара», якую ЦВК Грузіі абвясьціла пераможцай на парлямэнцкіх выбарах у кастрычніку, вылучыла на пасаду прэзыдэнта былога футбаліста Міхаіла Кавелашвілі. Выбары прэзыдэнта ў Грузіі прызначаныя на 14 сьнежня. Упершыню яны пройдуць па новай сыстэме — кіраўніка дзяржавы будзе абіраць калегія выбарнікаў. Грузынская апазыцыя ўжо заявіла пра байкот будучага пасяджэньня калегіі, што робіць абраньне Кавелашвілі практычна наканаваным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіроўная партыя Грузіі вылучыла колішняга футбаліста кандыдатам у прэзыдэнтыІнаўгурацыя новага прэзыдэнта, які, паводле асноўнага закону Грузіі, мае толькі цырыманіяльныя паўнамоцтвы, адбудзецца ў канцы сьнежня. Паўнамоцтвы дзейнага кіраўніка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заканчваюцца 16 сьнежня.
Тым часам увечары 30 лістапада ў Грузіі працягнуліся антыўрадавыя акцыі супраць прыпыненьня працэсу эўраінтэграцыі, абвешчанай на днях прэм’ер-міністрам Іракліем Кабахідзэ. Мітынгі таксама праходзяць у Батумі, Кутаісі, Поці, Тэлаві і іншых гарадах. 29 лістапада падчас акцыі пратэсту ў Тбілісі затрымалі беларуса. Агулам за два дні паліцыя затрымала каля 150 чалавек.
Служба дзяржаўнай бясьпекі Грузіі расцэньвае акцыі пратэсту як спробу гвалтоўнага захопу ўлады, паведамілі ў спэцслужбе. Ідзе расьсьледаваньне паводле артыкулу «змова ці мяцеж у мэтах зьмены канстытуцыйнага ладу Грузіі». Прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ абвінаваціў у арганізацыі пратэстаў эўрапейскіх палітыкаў і «пятую калёну» — так ён называе чатыры апазыцыйныя партыі, якія па выніках выбараў прайшлі ў парлямэнт, але не прызналі яго легітымнасьць і ня ўдзельнічаюць у пасяджэньнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас учорашняй акцыі ў Тбілісі затрымалі беларуса. У Грузіі людзі зноў выйшлі пратэставаць