Дэманстрацыя выйшла на праспэкт Руставэлі, яна пачалася ўвечары 28 лістапада. Зь дзьвюх гадзін ночы, пасьля некалькіх гадзін пэрыядычных сутыкненьняў паміж паліцыяй і дэманстрантамі на вуліцы Чычынадзэ, з аднаго з бакоў парлямэнту, МУС пачаў разгон акцыі.
Паліцыя пайшла на сілавы разгон, ужываючы сьлезацечны газ і дубінкі.
Разгон працягваўся да раніцы 29 лістапада. Пасьля затрыманьня многіх пратэстоўцаў паліцыянты білі па твары і патыліцы. МУС ужыла таксама вадамёт і пярцовы газ. Паводле зьвестак МУС Грузіі, пад час пратэстаў затрымалі 43 чалавек.
У разгоне пацярпеў журналіст грузінскай службы Радыё Свабода Дато Цагарэлі. На праспэкце Руставэлі ён вёў жывы этэр, калі яго ўдарылі супрацоўнікі спэцназу. Карэспандэнт быў апрануты ў куртку з пазнакай «Прэса» і трымаў у руках мабільны тэлефон, зь якога вёў этэр. Другі журналіст Свабоды атрымаў удар каля парлямэнту.
Ёсьць некалькі параненых апазыцыйных палітыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі пачаліся пратэсты пасьля заявы прэм’ера аб прыпыненьні перамоваў аб уступленьні ў ЭўразьвязУ самым будынку парлямэнту ўзмоцнена ахова. Колішняя міністарка абароны Грузіі Тына Хідашэлі напісала, што грузінскае войска павінна ў такім выпадку абараніць народ і радзіму.
Грузінская служба Радыё Свабода паведамляе і пра іншых пацярпелых журналістаў, што можа сьведчыць пра наўмысную атаку сілавікоў на іх з мэтай застрашэньня. Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі раскрытыкавала гвалт паліцыі ў дачыненьні журналістаў на дэманстрацыі.
«Я падтрымліваю грузінскія СМІ, супраць якіх ужываецца непрапарцыйная сіла», — сказала яна.
Улады Грузіі з партыі «Грузінская мара» раней заявілі аб прыпыненьні перамоваў з Эўразьвязам да 2028 году і адмову ад эўрапейскай фінансавай дапамогі да таго ж году. Рашэньне партыі ўлады агучыў прэм’ер-міністар краіны Іраклі Кабахідзэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузінскі парлямэнт зацьвердзіў новы ўрад. Апазыцыя праігнаравала галасаваньнеАпазыцыя параўнала гэтае рашэньне «Грузінскай мары» з рашэньнем экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў 2013 годзе адмовіцца ад падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам, пасьля якога ў Кіеве адбылася «Рэвалюцыя годнасьці».
28 лістапада, за некалькі гадзін да рашэньня «Грузінскай мары» аб прыпыненьні інтэграцыі ў Эўразьвяз, Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой назваў парлямэнцкія выбары 26 кастрычніка сфальсыфікаванымі, не прызнаў іх вынікаў і запатрабаваў прымяніць санкцыі ў дачыненьні лідэраў кіроўнай партыі Грузіі.
У пятніцу, 29 лістапада, а 19-й гадзіне мясцовага часу грузінская апазыцыя склікае новую акцыю пратэсту. Пра гэта заявіў кіраўнік партыі «Стратэгія Агмашанэбэлі» Георгі Вашадзэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт не прызнаў вынікі выбараў у Грузіі. Грузія прыпыніла перамовы аб уступленьні ў ЭЗ да 2028 году