Пасьля Пуціна. Калі ў Беларусі скончыцца дыктатура

Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Энвер Жоджа і Мацьяш Ракашы. Каляж

Ці здольны Лукашэнка захаваць у Беларусі рэпрэсіўны дыктатарскі рэжым у выпадку, калі ў Расеі адбудуцца істотныя палітычныя зьмены?

Сьцісла:

  • Палітычныя зьмены ў Беларусі ў цяперашніх умовах могуць адбыцца толькі так, як яны адбываліся ў свой час ва ўсходнеэўрапейскіх краінах «сацыялістычнага лягеру» — пад уплывам Масквы альбо пад прымусам Масквы, незалежна ад таго, хоча такіх зьменаў мясцовы дыктатар ці ўсяляк ім супраціўляецца.
  • Пуцін спрабуе адкруціць кола гісторыі назад, вярнуць тую імпэрскую сыстэму адносін з васаламі, пры якой эўрапейскі кантынент быў падзелены на зоны ўплыву, а ўсё, што знаходзілася на ўсходнім баку ад «жалезнай заслоны», цалкам падпарадкоўвалася Маскве.
  • Новая постпуцінская Расея, нават калі яна стане значна больш свабоднай, наўрад ці захоча выпусьціць са сваёй арбіты Беларусь. Але патрэба ў Лукашэнку адпадзе. Неабходныя будуць іншыя асобы, бо перарабіць Лукашэнку немагчыма.
  • Амаль усе ўсходнеэўрапейскія сатэліты Масквы на працягу пасьляваеннай гісторыі былі асуджаныя па паўтарэньне крутых паваротаў крамлёўскай палітыкі. Тыя, хто наважваўся супраціўляцца, плацілі за непадпарадкаваньне высокую цану.

Спадзеючыся на зьмены ва ўласнай краіне, беларусы з трывогай і спадзяваньнем назіраюць ня столькі за тым, што адбываецца ў Менску, колькі за падзеямі і тэндэнцыямі ў Расеі. Падобна, як іхныя дзяды чакалі навінаў з Масквы ў 1953-м і 1956-м, а бацькі — у 1991-м, бо і тады вятры пераменаў маглі прыляцець у Беларусь толькі адтуль. На працягу большай часткі ХХ стагодзьдзя Расея так выбудоўвала адносіны са сваімі васальна залежнымі народамі і краінамі, што палітычныя зьмены ў іх не маглі адбыцца без сыгналу альбо згоды з боку мэтраполіі.

Аляксандар Лукашэнка выступае ў Вярхоўным Савеце Беларусі пасьля маскоўскага путчу 1991 года. Менск, 24 жніўня 1991. Фрагмэнт з фільму Юрыя Гарулёва і Аляксандра Лукашука «Дэпутаты», 1992 год

Лукашэнка на постсавецкай прасторы — спэцыфічны палітычны пэрсанаж. Ён вырас не з пуцінізму. Наадварот, зьявіўся задоўга да Пуціна і доўгі час бег паперадзе пуцінскага паравоза. Адзін час нават крыўдаваў, што не прызнавалі за ім першынства ў многіх мэтадах усталяваньня дыктатарскага рэжыму і рэпрэсіўных практык, датычных перасьледу СМІ, грамадзянскай супольнасьці, палітычных апанэнтаў. Ён апрабаваў і засвоіў усё гэта задоўга да Пуціна, яшчэ ў сярэдзіне і ў канцы 90-х, калі ў многіх выпадках яму даводзілася ісьці насуперак той палітычнай лініі, якая дыктавалася з Крамля тагачаснай ельцынскай адміністрацыяй. Але з часам усё стала на свае месцы. Пуцін калі і быў вучнем Лукашэнкі, то ня вельмі працяглы час. А пасьля 2021 году і ўвогуле ўсё зьмянілася: беларуская шлюпка зноў надзейным канатам аказалася прывязанай да расейскага карабля і паслухмяна рухаецца ў ягоным фарватэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сумнеўны прэзыдэнт умоўна незалежнай краіны. Ці застаецца Лукашэнка гаспадаром Беларусі

Татальна залежныя ад Масквы

З 2021 года падабенства рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі стала асабліва выразным. Менск становіцца татальна залежным ад Масквы ва ўсім — і ў эканоміцы, і ў ваеннай сфэры, і ва ўнутранай палітыцы. Узаемадачыненьні ўсё больш нагадваюць колішні «абмежаваны сувэрэнітэт» лягеру сацыялізму, дзе марыянэткавыя рэжымы краін Усходняй Эўропы, захоўваючы вонкавыя прыкметы незалежнасьці, у рэальнасьці ва ўсіх прынцыповых пытаньнях вымушаны былі пытацца згоды Крамля і выконваць крамлёўскія загады.

Уладзімер Пуцін слухае Аляксандра Лукашэнку падчас сустрэчы ў Крамлі ў Маскве, 11 сакавіка 2022

З Украінай у 2022 годзе з высокай ступеньню імавернасьці магло здарыцца тое, што здарылася зь Беларусьсю. На сакрэтных мапах ФСБ будучая Ўкраіна загадзя была пазначана як «прарасейскае дзяржаўнае ўтварэньне» — марыянэткавая дзяржава, кіраваная Крамлём. Калі б задуманае атрымалася, усьлед за ёй пад крыло пуцінскай Расеі маглі падобным жа чынам вярнуцца і іншыя колішнія імпэрскія ўскраіны, найперш Малдова, Грузія, Армэнія, Казахстан — усе, на каго ў Крамля хапіла б сілаў, на постсавецкую прастору дакладна, а калі б сытуацыя спрыяла, то і на некаторыя краіны Ўсходняй Эўропы.

Гэтых гістарычных паралеляў і аналёгій цяжка пазьбегнуць. Пасьляваенны сталінскі Савецкі Саюз, па якім сёньня настальгічна ўздыхаюць у Крамлі, быў на вяршыні сваёй магутнасьці і велічы. Тагачасная Ўсходняя Эўропа, акупаваная Чырвонай арміяй, паслухмяна і бязвольна клалася пад боты заваёўнікаў пры маўклівай згодзе Захаду, які мала што быў здольны з гэтым зрабіць. На вялізнай прасторы ад Балтыкі да Адрыятыкі паўставалі маленькія дыктатуры сталінскага кшталту — на ўзор маскоўскай тыраніі. Паўставалі, натуральна, ня самі па сабе: СМЕРШ, НКВД, спэцслужбы, акупацыйная армія, маскоўскія партыйныя эмісары шчыльна кантралявалі ўвесь працэс будаўніцтва васальных квазідзяржаў, цалкам падкантрольных Крамлю. І паўсюль адзін за другім паўставалі маленькія сталіны — клоны, мутанты зь вельмі падобнымі дыктатарскімі практыкамі, жорсткімі палітычнымі рэпрэсіямі, прэтэнзіямі на культ асобы.

Ім быў адмераны нядоўгі век: фактычна толькі адно пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе. Адметна, як гэтыя маленькія дыктатарскія рэжымы абвальваліся пасьля сьмерці маскоўскага гаспадара — зь няўхільнай жалезнай неабходнасьцю і паўтаральнасьцю. Адны дыктатары раптам нечакана паміралі. Другія паслухмяна сыходзілі, выслухоўваючы жорсткую крытыку былых падначаленых за адступленьні ад лініі партыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Могуць зрабіць, што заўтра палову краіны давядзецца аддаць». Чаму Лукашэнка настойліва дамагаецца крэсла за сталом мірных перамоваў

Вельмі своечасовыя сьмерці

Адметны факт: адразу некалькі усходнеэўрапейскіх тыранаў раптоўна памерлі прыблізна ў адзін час са Сталіным. Пышныя разьвітаньні з правадырамі-сталіністамі адбыліся на пераломе 40-50-х гадоў ў Сафіі, Улан-Батары, Празе і Варшаве. Што немагчыма не адзначыць: паміралі яны ў Маскве альбо неўзабаве пасьля вяртаньня з Масквы. І ў параўнальна маладым веку.

Асабліва зьвяртаюць на сябе ўвагу сьмерці чэхаславацкага правадыра Клемэнта Готвальда і польскага Балеслава Берута. Першы памёр праз тры дні пасьля таго, як вярнуўся з Масквы з пахаваньня Сталіна ў сакавіку 1953-га. Другі — паехаўшы ў Маскву на ХХ зьезд КПСС, у сакавіку 1956-га. Готвальду на момант сьмерці было 56 гадоў, Беруту — 63. Абодва перад сконам скардзіліся на сымптомы ці то грыпу, ці то запаленьня лёгкіх. Што ў далейшым выклікала зусім зразумелыя чуткі, здагадкі і падазрэньні.

Савецкі кіраўнік ураду Мікалай Булганін падпісвае Варшаўскую дамову аб вайсковай дапамозе васьмі сацыялістычных дзяржаў. На заднім пляне кіраўнікі дзяржаў-сатэлітаў СССР. Варшава, 14 траўня 1955

У кожным разе, раптоўныя сьмерці знакавых сталіністаў сталі для гэтых краін вельмі своечасовымі. Усьлед за СССР у «сацыялістычным лягеры» адбывалася імклівая дэсталінізацыя — і пад ціскам Масквы, і ў адпаведнасьці з грамадзкімі чаканьнямі і памкненьнямі. Было нешта сымбалічнае і фатальнае ў гэтым дружным адыходзе з палітыкі і з жыцьця змрочных постацяў, якія зусім нядаўна былі ценямі Сталіна і ў адзін момант сталі перашкодай для былых сваіх паплечнікаў.

Ці існавала ва ўсходнеэўрапейскіх сатэлітаў Масквы магчымасьць самастойнага выбару палітычнага курсу? Практычна ніякай. Праўда, некаторыя правадыры сталінскага кшталту, якія ўвайшлі ў смак свайго дыктатарскага становішча, паспрабавалі супрацьстаяць новым хрушчоўскім павевам. Але што з гэтага атрымалася?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ўвогуле ня ўцягнуты ў гэты канфлікт». Навошта Лукашэнка імкнецца дыстанцыявацца ад пуцінскай вайны

«Найлепшы вучань Сталіна»

Некаторыя лічаць, што Мацяш Ракашы быў большым сталіністам, чым сам Сталін. Эпоха Ракашы ў Вугоршчыне працягвалася з 1945-га па 1956 год, хоць сапраўдная дыктатура прыпала на змрочную пяцігодку — 1948–1953. У гэты час афіцыйная прапаганда называла Ракашы «найлепшым вучнем Сталіна». І было за што. Толькі ў 1952 годзе ў Вугоршчыне было рэпрэсавана больш за 540 тысяч чалавек — кожны васямнаццаты грамадзянін краіны. За 2 з паловай гады ў краіне з насельніцтвам 9,5 млн чалавек пракуратура распачала справы на 1,5 мільёна чалавек. Каля 400 тыс. вугорцаў атрымалі розныя тэрміны турэмнага зьняволеньня або лягераў, адбываючы пакараньне галоўным чынам у шахтах і каменяломнях. Служба бясьпекі ў камуністычнай Вугоршчыне налічвала 28 тысяч чалавек, плюс яшчэ 40 тысяч інфарматараў.

Мацяш Ракашы выступае ў Будапэшце, 1954

Пасьля сьмерці Сталіна Ракашы паспрабаваў супраціўляцца новым павевам. Нягледзячы на тое, што ўлетку 1953 году яго пад ціскам з боку Масквы адхілілі з пасады прэм’ер-міністра, ён захаваў за сабой высокую партыйную пасаду і ўпарта супраціўляўся рэформам новага прэм’ера Надзя. Супрацьстаяньне сталіністаў з рэфарматарамі ў Вугоршчыне працягвалася, і зусім магчыма, што Ракашы зноў узяў бы верх — але ўмяшалася Масква. Пад ціскам савецкага кіраўніцтва (і ў выніку адмысловай паездкі Анастаса Мікаяна ў Будапешт) Ракашы ў ліпені 1956 года здымаюць з усіх пасадаў. Неўзабаве пасьля вугорскага паўстаньня 1956 года новы лідэр сацыялістычнай Вугоршчыны Янаш Кадар абвяшчае: «Слаўнае паўстаньне нашага народу скінула з шыі краіны ярмо ракашызму, забясьпечыўшы народу свабоду, а краіне — незалежнасьць». Мацяша Ракашы вывозяць спачатку ў Маскву, потым у Краснадар. Пазьней у выніку спэцыяльнай просьбы новага вугорскага кіраўніцтва ён трапіў у значна больш аддаленыя і меней камфортныя мясьціны — у кіргіскі Такмак, потым — у Арзамас і Горкі. У 1962 годзе яго выключылі з партыі. У 1970 годзе прапаноўвалі адмовіцца ад актыўнага ўдзелу ў вугорскай палітыцы ў абмен на вяртаньне на радзіму, але Ракашы адмовіўся. Памёр у выгнаньні ў Горкім у 1971 годзе, ва ўзросьце 78 гадоў.

Зрэшты, была ў стройных шэрагах усходнеэўрапейскіх камуністычных правадыроў постаць, якая здолела адносна пасьпяхова супрацьстаяць дэсталінізацыі і хрушчоўскай адлізе. Але якой цаной?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы яшчэ ўбачыце, хто такі Пуцін». Як выжыць па суседзтве з агрэсіўнай імпэрыяй

Насуперак Крамлю

Лідэр камуністычнай Альбаніі Энвэр Ходжа, пачуўшы ў лютым 1956-га антысталінскі даклад Хрушчова, не дабыў да закрыцьця ХХ зьезду КПСС і дэманстратыўна пакінуў Маскву. Антысталінскія сілы ўнутры самой Альбаніі спрабавалі зрынуць Ходжу, спадзеючыся на дапамогу СССР, але безь вялікага посьпеху. Ходжа адказаў масавай кампаніяй барацьбы з «рэстаўратарамі капіталізму», арыштаваўшы і пакараўшы сьмерцю сотні сваіх апанэнтаў і іхных сваякоў. У адказ на рэзкую крытыку з боку Хрушчова Ходжа ў 1961 годзе ўвогуле разарваў дыпляматычныя адносіны з СССР.

Энвэр Ходжа

Дыктатура сталінскага кшталту праіснавала ў маленькай балканскай краіне ажно да канца 80-х гадоў — пакуль жыў сам Ходжа. Палітычныя чысткі, арышты, сьмяротныя прысуды, звальненьні... Пад палітычны перасьлед трапіла каля траціны насельніцтва краіны. Колькасьць пакараных сьмерцю палітычных праціўнікаў Ходжы ацэньваецца ў 5-7 тысяч чалавек (гэта ў невялікай трохмільённай краіне).

Ізаляваная ад сьвету Альбанія жыла ў галечы. А эксцэнтрычны дыктатар прыдумляў усё новыя ідэі і забароны для ўласных грамадзянаў. То прымусіў у чаканьні вайны масава будаваць бункеры (адзін бункер на кожных пяць альбанцаў), то забараніў валодаць прыватнымі аўтамабілямі і раялямі, насіць джынсы, слухаць рок і джаз. Сам пры гэтым жыў у раскошы, езьдзіў на шыкоўных лімузінах заходняй вытворчасьці, а ягоны пэрсанальны палац-бункер налічваў 106 пакояў.

Дарэчы, з Масквой Ходжа да канца жыцьця так і не памірыўся. Памёр ён у красавіку 1985 года, празь месяц пасьля прыходу да ўлады ў СССР Гарбачова. Нават тэлеграму спачуваньня, дасланую з Масквы, альбанскія таварышы адправілі назад. Прынялі спачуваньні толькі ад Фідэля Кастра, Нікалае Чаўшэску і Кім Ір Сэна.

Ці мог бы Лукашэнка ў выпадку вострай неабходнасьці паўтарыць такі кульбіт Энвэра Ходжы: дзеля захаваньня ўласнай тыраніі цалкам ізаляваць краіну, закрыць усе межы, не дапусьціць лібэральных пераўтварэньняў, якія б дыктаваліся з Масквы? Наўрад ці. Усё ж Альбанія — даволі аддаленая ад Расеі краіна, якая ня мае зь ёй супольнай мяжы. А порты на Адрыятыцы дазвалялі нават ва ўмовах амаль поўнай міжнароднай ізаляцыі падтрымліваць гандаль з тымі нешматлікімі рэжымамі, якім Ходжа давяраў, найперш з мааісцкім Кітаем (зь якім, што праўда, у 70-я гады ён таксама пасварыўся).

«Альбанская анамалія» працягвалася доўга, на працягу больш як 30 гадоў, але ўрэшце ўсё скончылася гэтак жа, як ва ўсіх іншых колішніх сацыялістычных краінах — поўным крахам таталітарызму і разбурэньнем статуй дыктатара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі палякі паспрабуюць адцяць захад Украіны і Беларусі...». Што стаіць за «польскімі» страхамі Лукашэнкі

Лёс васалаў Масквы

Сатэліты Масквы на працягу пасьляваеннай гісторыі былі асуджаныя на паўтарэньне ўсіх крутых паваротаў крамлёўскай палітыкі. Пры Сталіну будавалі дыктатарскія рэжымы і разгортвалі палітычныя рэпрэсіі. Пры Хрушчову праводзілі дэсталінізацыю і адхілялі ад улады ўласных дыктатараў. Пры Брэжневу вярталі «калектыўны ленінскі стыль кіраўніцтва» і прыадкрывалі «жалезную заслону». Пры Гарбачову распачыналі перабудову і лібэралізацыю, у выніку якіх усе гэтыя аўтарытарныя рэжымы ўрэшце і загінулі.

Музэй Энвэра Ходжы ў Альбаніі. Тырана, 2023

Пуцін спрабуе адкруціць кола гісторыі назад, вярнуць тую імпэрскую сыстэму адносін з васаламі, пры якой эўрапейскі кантынэнт быў падзелены на зоны ўплыву, а ўсё, што знаходзілася на ўсходнім баку «жалезнай заслоны», цалкам падпарадкоўвалася Маскве. Сёньняшнія адносіны паміж Масквой і Менскам — гэта люстраны адбітак таго, як выбудоўваліся такія дачыненьні на працягу многіх папярэдніх дзесяцігодзьдзяў. І зьмены ў Менску ў цяперашніх умовах, найбольш верагодна, могуць адбыцца толькі так, як яны адбываліся ў свой час ва ўсходнеэўрапейскі сталіцах — па камандзе з Масквы альбо пад прымусам Масквы, незалежна ад таго, хоча такіх зьменаў мясцовы дыктатар ці ўсяляк ім супраціўляецца.

Новая постпуцінская Расея, нават калі яна стане значна больш свабоднай, наўрад ці захоча выпусьціць са сваёй арбіты Беларусь. Але патрэба ў Лукашэнку адпадзе. Неабходны будуць іншыя асобы — гнуткія, прыстасаваныя да новай рэальнасьці. А перарабіць Лукашэнку немагчыма. Як немагчыма было ў свой час прыстасаваць для постсталінскай сацыялістычнай сыстэмы Мацяша Ракашы ў Вугоршчыне альбо Энвэра Ходжу ў Альбаніі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі Захад здасца ва Ўкраіне, то наступнымі будуць Беларусь і Малдова, — Аркадзь Мошэс