Як вярнуць палітычную суб’ектнасьць, у існаваньні якой усё больш сумневаў?
Сьцісла:
- Тое, што адбываецца ва ўнутранай палітыцы Беларусі прыкладна зь вясны 2021 года, выглядае цалкам каардынаваным і кіраваным з Масквы працэсам.
- Многія на Захадзе кіруюцца наступнай лёгікай: навошта мець справу з марыянэткай Крамля, калі ўсе ключавыя пытаньні, датычныя Беларусі, прымаюцца ня ў Менску?
- Лукашэнка спрабуе намацаць шляхі да вяртаньня страчанай суб’ектнасьці. Але магчымасьці для гэтага ў яго абмежаваныя.
- Рашучымі крокамі, якія паказалі б самастойнасьць і суб’ектнасьць Лукашэнкі, маглі б стаць вызваленьне ўсіх палітвязьняў, адмова ад практыкі гібрыдных атак з дапамогай нелегальных мігрантаў, спыненьне палітычных рэпрэсіяў. Але на гэта ён сёньня яўна ня здольны бяз санкцыі Крамля.
- Іншыя постсавецкія аўтарытарныя рэжымы, ідэйна блізкія Лукашэнку (Такаева ў Казахстане, Мірзіёева ва Ўзбэкістане, Аліева ў Азэрбайджане), захаваўшы ва ўмовах вайны пэўную дыстанцыю ад Масквы, апынуліся ў значна больш выйгрышным ў параўнаньні з Лукашэнкам становішчы.
Сярод палітыкаў, дыпляматаў і экспэртнай супольнасьці ўсё часьцей ужываецца абрэвіятура CRINK (ад ангельскіх назваў: China, Russia, Iran, North Korea). Так зь нядаўняга часу сталі называюць «вось агрэсараў» — Кітай, Расею, Іран, Паўночную Карэю, нефармальны альянс аўтакратый і дыктатур з рознымі нацыянальнымі інтарэсамі, але аб’яднанымі агульным імкненьнем супрацьстаяць Захаду (асабліва Злучаным Штатам). Іхная ўзаемная падтрымка і дапамога сталі асабліва відавочнымі падчас расейскай агрэсіі супраць Украіны: пастаўкі зброі, боепрыпасаў, дапамога ў абыходзе заходніх санкцыяў, а ў выпадку з КНДР — нават непасрэдны ўдзел уласнымі войскамі ў баявых дзеяньнях на баку агрэсара.
Чаму да гэтай «восі» не залічылі Беларусь — даўнюю і пасьлядоўную саюзьніцу ўсіх чатырох краін у іхным супрацьстаяньні з Захадам і саўдзельніцу расейскай агрэсіі? Ня той эканамічны і вайсковы патэнцыял, каб лічыць яе сур’ёзным супернікам? Але Паўночная Карэя таксама зусім не эканамічны гігант (ВУП значна меншы, чым у Беларусі, а насельніцтва толькі ў два з паловай разы большае).
«Дальнія дугі» Лукашэнкі
Адказ на гэта пытаньне несуцяшальны для Лукашэнкі. На Захадзе ўсё менш успрымаюць яго як самастойную палітычную фігуру, здольную прымаць сувэрэнныя рашэньні. Навошта мець справу з марыянэткай Крамля, калі ўсе ключавыя пытаньні прымаюцца ня ў Менску? І гэта істотны і адметны індыкатар цяперашняга стаўленьня да Лукашэнкі і да ягонага рэжыму.
Наўрад ці гэтае становішча камфортнае для яго самога. У ягонай палітычнай біяграфіі — доўгія гады і нават дзесяцігодзьдзі балянсаваньня, манэўраваньня, гульні на супярэчнасьцях, геапалітычнага гандлю. Усё тое, што прыносіла немалыя палітычныя і фінансавыя дывідэнды. І што раптам у адзін момант зьнікла пасьля 2020 года.
Увогуле, выстройваньне рознага кшталту геапалітычных «восяў» і «дальніх дугаў» — даўні занятак самога Лукашэнкі, яшчэ з часоў першых дзесяцігодзьдзяў ягонага прэзыдэнцтва. Якія толькі далёкія і экзатычныя пункты на геаграфічнай мапе ў абодвух зямных паўшар’ях не пазначаў ён у якасьці ключавых пунктаў, якія павінны былі стаць злучальнымі пунктамі новай восі і варотамі для асваеньня новых багатых рынкаў для беларускай прадукцыі. Былі імі ў розны час і Вэнэсуэла, і Зымбабвэ, і Судан, і Віетнам, і Экватарыяльная Гвінэя... Гэтыя абстрактныя лініі, праведзеныя кудысьці ў малазьведаную далячынь, у большасьці выпадкаў так і засталіся ў выглядзе нерэалізаваных альбо заглохлых на паўдарозе «пражэктаў». І прычыны былі пераважна адны і тыя ж. Далёкія экзатычныя рынкі гатовыя былі прыняць беларускія тавары, але за тавары гэтыя афрыканскім ці лацінаамэрыканскім сябрам Лукашэнкі часта не было чым плаціць. Да таго ж нават ня самая дарагая беларуская прадукцыя, пераадолеўшы па морах і акіянах тысячы міль, становіцца неканкурэнтаздольнай у цэнах. І гэтыя геаграфічныя абставіны памяняць немагчыма. Да найбліжэйшай ідэйна варожай эўрапейскай сталіцы ад Менску — 170 кілямэтраў. Да ідэйна блізкага Каракаса — 9400 кілямэтраў. І ніякая, нават самая моцная палітычная воля супрацьстаяць гэтаму рашуча ня здольная.
Апраўданьне перад смаленскім губэрнатарам
Цяпер нават самыя асьцярожныя і бяскрыўдныя крокі, якія зьмяшчаюць хоць бы намёк на адыход ад адзінай стратэгіі, прадыктаванай Крамлём, сустракаюць папрокі і падазрэньні з боку Масквы. І Лукашэнка вымушаны апраўдвацца за іх... нават перад смаленскім губэрнатарам, як гэта здарылася зусім нядаўна. Прымаючы ў сябе 18 лістапада кіраўніка гэтага суседняга зь Беларусьсю расейскага рэгіёну, Лукашэнка пачаў размову з завочнай палемікі зь неназванымі расейскімі нядобразычліўцамі:
«Хто б там у Расеі, я ўжо таксама кажу, ні вякаў: „Вось Лукашэнка, шматвэктарнасьць... Зноў ён выпусьціў гэтых палітзьняволеных некалькі дзясяткаў. Гэта значыць, ён ужо на Захад“... Слухайце, ну такое прымітыўнае мысьленьне, што далей няма куды».
«З суседзямі трэба жыць у міры, яны ад Бога. Ну і што зробіш, калі палякі вякамі жылі з намі і тое, што кіраўніцтва Польшчы сёньня займае такую гадкую пазыцыю адносна Беларусі — хіба палякі ў гэтым вінаватыя? Ну ў нейкай ступені так, яны ж выбіраюць іх. Але ў большасьці сваёй палякі хочуць жыць мірна з намі. ...Тое ж самае літоўцы, латышы, украінцы».
Лукашэнка спрабуе намацаць шляхі да вяртаньня страчанай суб’ектнасьці. Але магчымасьці для гэтага ў яго яўна абмежаваныя. Якім чынам ён мог бы прадэманстраваць, што зь ім варта мець справу як з самастойным гульцом, што ён не зьяўляецца безнадзейна залежным васалам Пуціна? Праз крокі, якія б паказалі ягоную самастойнасьць. Напрыклад, спыненьнем міграцыйных атак на заходняй мяжы. Ці згортваньнем палітычных рэпрэсій і амністыяй для палітзьняволеных. Звычайна, калі заходзіць размова на гэту тэму, аналітыкі разважаюць пра нейкі незвычайны страх, псыхалягічную траўму, якая нібыта не дазваляе Лукашэнку пазбавіцца ад глыбокай раны 2020 году і прымушае зноў і зноў раскручваць махавік рэпрэсій.
Мне здаецца больш праўдападобнай іншая вэрсія. А ці здольны ён увогуле самастойна, бяз згоды Крамля, прымаць сёньня такія рашэньні? Тое, што адбываецца ва ўнутранай палітыцы Беларусі прыкладна зь вясны 2021 года, выглядае цалкам каардынаваным і кіраваным з Масквы працэсам. Пасьлядоўнае зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці, новае рэпрэсіўнае заканадаўства, выцісканьне ў эміграцыю соцень тысяч грамадзка актыўных людзей, гібрыдныя атакі на межы Эўразьвязу з дапамогай знарок зьвезеных мігрантаў — усё гэта падобна на частку падрыхтоўкі Пуціна да вайны супраць Украіны і скаардынаванае з Лукашэнкам будаўніцтва таталітарнага рэжыму «Ад Буга да Курылаў».
У самога Лукашэнкі на вясну 2021 году вострых прычынаў, каб распачынаць усю гэту клапатную, рызыкоўную і затратную кампанію, яўна не было. Пратэставая хваля з вуліц гарадоў на той час ужо цалкам зьнікла. Грамадзкая думка збольшага супакоілася. Найбольш актыўныя ўдзельнікі колішніх пратэстаў атрымалі параўнальна мяккія прысуды (многія — толькі адміністрацыйныя). Усё разгортвалася паводле добра адпрацаваных і знаёмых Лукашэнку сцэнароў папярэдніх выбарчых кампаній — 2001, 2005 і 2010 гадоў. Ніякімі новымі рэвалюцыйнымі наступствамі яму гэта яўна не пагражала.
«Лепш ставіцца да ўдзельнікаў пратэстаў з дараваньнем...»
Тут можна правесьці паралелі з грамадзкімі пратэстамі, якія адбыліся ў студзені 2022 года ў іншай постсавецкай краіне, Казахстане. Палітычныя рэжымы Лукашэнкі і Назарбаева на працягу трох першых дзесяцігодзьдзяў незалежнасьці былі ў многім падобнымі: параўнальна мяккі аўтарытарызм, рэжым асабістай улады, але з пэўнай абмежаванай прасторай для дзейнасьці палітычнай апазыцыі, НДА і незалежных СМІ; у замежнай палітыцы — спробы балянсаваньня паміж рознымі полюсамі сілы (Расеяй, Захадам і Кітаем).
Пратэсты, якія адбыліся ў шэрагу рэгіёнаў Казахстана ў студзені 2022 года, былі непараўнальна больш гвалтоўнымі, жорсткімі, крывавымі, чым у Беларусі. Загінулі 238 чалавек, пацярпелі 4353. Было разбурана і спалена мноства будынкаў і аўтамабіляў, зьнішчана і разрабавана вялізная колькасьць маёмасьці. Тым ня менш ужо 1 верасьня 2022 года, усяго праз сем месяцаў пасьля драматычных крывавых падзеяў, прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў абвесьціў масавую амністыю практычна ўсім удзельнікам пратэстаў. Аргумэнтацыя ў ягонай заяве прагучала наступная:
«Праявіўшы гуманізм, мы як нацыя зробім урокі з гэтай трагедыі і не дапусьцім яе паўтору.... Усе ўдзельнікі тых падзеяў — нашы грамадзяне. Яны спадзяюцца ня толькі на тое, што суд будзе справядлівым, але і на тое, што грамадзтва будзе паблажлівым. ...Думаю, што лепш ставіцца да іх з дараваньнем».
Параўнайце з тым, што праз год пасьля пратэстаў, санкцыянуючы кампанію палітычных рэпрэсій, сказаў у адрас сваіх апанэнтаў Лукашэнка:
«Яны перайшлі рысу. Мы ім дараваць ня можам».
У выніку амністыя ў Казахстане закранула каля паўтары тысячы асуджаных. Што цікава, улады Казахстана ў тыя дні актыўна выкарыстоўвалі тую ж рыторыку, якую адразу пасьля падзей 2020 года ня раз ужываў Лукашэнка: «Неабходна перагарнуць старонку».
З той розьніцай, што ў Казахстане яе сапраўды перагарнулі, а ў Беларусі працягваюць гартаць то ў адзін, то ў другі бок зноў і зноў, ужо пяты год.
Беларускі тупік
Што ў выніку атрымаў Лукашэнка? Жорсткія заходнія санкцыі, уцёкі соцень тысяч людзей за мяжу і як вынік — востры дэфіцыт працоўных рэсурсаў, пэрспэктыву дэмаграфічнага крызісу. А яшчэ — раскол у грамадзтве. І амаль поўную страту ўласнай палітычнай суб’ектнасьці. Наўрад ці ў яго сёньня больш самастойнасьці, чым у Кадырава ў Чачэніі альбо Мініханава ў Татарстане. Да яго не прыяжджаюць, зь ім не кантактуюць заходнія лідэры — у прыватнасьці, ніхто з кіраўнікоў чатырох суседніх эўрапейскіх дзяржаў. Увогуле, Беларусь за мінулыя чатыры гады ўсё больш яўна ператвараецца ў закрытую ўскраіну імпэрыі, пэўны геаграфічны тупік.
А закрытасьць і агрэсіўнасьць спараджаюць паступовы эканамічны заняпад і адсталасьць.
Сюды ўжо чацьвёрты год ня лётаюць з Захаду самалёты і ня ходзяць цягнікі. На працягу соцень гадоў Горадня, Берасьце, Полацак былі скрыжаваньнем гандлёвых шляхоў паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем. Багацелі і квітнелі дзякуючы сваёй адкрытасьці, памежным кантактам, гандлю. Цяпер усё гэта ў мінулым. Уздоўж амаль усяго пэрымэтру заходняй, паўднёвай і паўночнай межаў паўстаюць сьцены, загароды, супрацьтанкавыя равы і мінныя палі, становіцца больш жорсткім візавы рэжым, абрываецца мноства эканамічных, культурных, чалавечых сувязяў.
Ці быў у Лукашэнкі выбар? Ён жа ня можа ня бачыць, як павялі сябе іншыя постсавецкія, ідэйна блізкія яму рэжымы: таго ж Такаева ў Казахстане, Мірзіёева ва Ўзбэкістане, Аліева ў Азэрбайджане... Ня кінуліся ў вір безагляднай падтрымкі пуцінскай вайны, ня трапілі ні пад санкцыі, ні пад міжнародную ізаляцыю. Так, ні пра якую дэмакратыю там размовы няма, але і махавіка палітычных рэпрэсій ніхто не раскручвае, і нават адбываюцца асьцярожныя палітычныя рэформы, якія робяць дзяржаўнае ўладкаваньне больш сучасным. Гэтыя краіны ўсё больш адкрываюцца сьвету, праводзяць у сябе аўтарытэтныя міжнародныя форумы, імкліва разьвіваюць турызм. Няўжо ў Лукашэнкі не было магчымасьці паводзіць сябе гэтак жа?
Трапіў у нерат
З таго нерату, у які трапіў Лукашэнка (сам ці пад ціскам Масквы), пакуль што ня бачна відавочнага выйсьця. На даляглядзе — прывід магчымых хуткіх эканамічных узрушэньняў, першыя прыкметы якіх ужо відаць няўзброеным вокам. Калі ня ўдасца аднавіць дыялёг з Захадам, наперадзе можа чакаць яшчэ большая залежнасьць ад Расеі і зьнішчэньне і без таго ўмоўнай беларускай незалежнасьці.
Лукашэнка падае пэўныя сыгналы Захаду, але сыгналы гэтыя сьціплыя, нясьмелыя і яўна недастатковыя для таго, каб пераканаць у сур’ёзнасьці ягоных намераў. Так, ён раз-пораз вызваляе па некалькі дзясяткаў палітвязьняў, але ўсьлед за гэтым турэмныя камэры запаўняюцца новымі арыштаванымі з палітычных матываў, а сам Лукашэнка пры гэтым лічыць неабходным прыніжальна апраўдвацца і тлумачыць гэты свой крок перад Масквой. Зь ягонага боку нібыта гучыць гатовасьць узяцца за вырашэньне мігранцкай праблемы, але замест таго, каб проста адным загадам спыніць падвоз мігрантаў і пропуск іх празь мяжу, ён спрабуе наладзіць перамовы: арганізаваў нават у канцы кастрычніка міжнародную канфэрэнцыю на гэту тэму. На якую, зрэшты, ад Эўразьвязу ніхто з адказных кіраўнікоў дэманстратыўна не прыехаў.
На Лукашэнку могуць зьвярнуць увагу ў выпадку рашучых крокаў, якія паказалі б ягоную самастойнасьць і суб’ектнасьць. Такімі крокамі, відавочна, маглі б быць вызваленьне палітвязьняў, амністыя, загад памежнікам і міліцыі перастаць прапускаць празь мяжу нелегальных мігрантаў ці спыненьне палітычных рэпрэсіяў. Але на гэта ён сёньня яўна ня здольны бяз санкцыі Крамля. Ён асьцерагаецца рэзкіх рухаў. Магчыма, выконваючы нейкія дамоўленасьці і абавязаньні, узятыя перад Пуціным напярэдадні вайны. Такое ўражаньне, што ён і сам чакае заканчэньня вайны і зьменаў у Расеі, якія б адкрылі для яго магчымасьць хоць крыху аслабіць жалезныя абдымкі імпэрыі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум