У другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі выйшлі прыхільніца дапамогі Ўкраіне і прарасейскі кандыдат

Кэлін Джарджэску

Першы тур прынёс нечаканыя вынікі.

Ня самы вядомы да прэзыдэнцкіх выбараў палітык Кэлін Джарджэску нечакана праходзіць у другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі, апярэджваючы праэўрапейскага прэм’ер-міністра Марчэля Чаляку (паводле вынікаў падліку больш як 99,8% галасоў). Але далейшы падлік галасоў вывеў на другі радок Элену Лясконі з партыі «Саюз выратаваньня Румыніі». Яна набірае 19,17%.

Пасьля падліку 99,98% бюлетэняў прарасейскі кандыдат Джарджэску ў лідэрах гонкі з 22,95%; у Чаляку 19,15%.

Пры адсутнасьці яўнага пераможцы ў першым туры, які набраў бы больш за 50%, два найлепшыя кандыдаты выходзяць у другі тур. 8 сьнежня вырашыцца, хто заменіць Кляўса Яганіса на гэтай пасадзе. Адпаведна, гэта будуць Джарджэску і Лясконі.

52-гадовая эканамістка паводле асьветы Лясконі прадстаўляе правацэнтрысцкую партыю і выказвалася за працяг дапамогі Ўкраіне. Раней яна працавала журналісткай на радыё. Да партыі USR яна далучылася ў 2018 годзе, а сёлета стала яе кіраўніцай.

Яна падкрэсьлівае важнасьць адзінства і прасоўваньня дэмакратычных каштоўнасьцяў, робячы акцэнт на рэканструкцыі партыі і грамадзкім даверы да палітычных інстытутаў.

Кандыдат ад нацыяналістаў Джорджэ Сыміён, які выказваўся супраць дапамогі Ўкраіне і якому многія прагназавалі выхад у другі тур, на чацьвертай пазыцыі. У яго 13,87%. Нікаляе Чукэ, былы генэрал арміі і кіраўнік правацэнтрысцкай Нацыянальна-лібэральнай партыі, набірае 8,8%. Былы намесьнік генэральнага сакратара NATO Мірча Джаанэ, які балятуецца самастойна, на шостым месцы, у яго 6,32%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаліся прэзыдэнцкія выбары ў Румыніі. У другім туры прагназуюць процістаяньне нацыяналістаў зь левымі

62-гадовы Кэлін Джарджэску раней узначальваў Нацыянальны цэнтар устойлівага разьвіцьця. Таксама працаваў у Міністэрстве замежных спраў, быў генэральным сакратаром Міністэрства навакольнага асяродзьдзя і дакладчыкам у сядзібе ААН. Мае агранамічную адукацыю ў галіне глебазнаўства. Прафэсар Унівэрсытэту ў Пітэшці.

Раней Джарджэску ўваходзіў у нацыяналістычную партыю AUR, якую ўзначальвае Сыміён. Партыя двойчы прапаноўвала ягоную кандыдатуру на пасаду прэм’ер-міністра краіны. Супраць Джарджэску заводзілі крымінальную справу за ўхваленьне былых лідэраў румынскіх легіянэраў Карнэлью Зэля Кадрану і Іёна Антанэску.

Перад выбарамі ў сваім інтэрвію Джарджэску рабіў антынатаўскія заявы, гаворачы, што сяброўства Румыніі ў NATO не дае неабходных краіне гарантый бясьпекі. Ён заяўляў, што ў выпадку нападу Расеі Паўночнаатлянтчычны альянс ня здолее абараніць ніводную з краін-сяброў. Ягоныя выказваньні часта называюць прарасейскімі і антысэміцкімі.

Ён актыўна вядзе TikTok, часта выступае ў падкастах, займаецца дзюдо.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: УЭФА прысудзіла Косаву паразу ад футбольнай зборнай Румыніі, але аштрафавала румынскую фэдэрацыю

55-гадовы Марчэль Чаляку стаў прэм’ер-міністрам краіны 15 чэрвеня 2023 году. Ён прадстаўляе Сацыял-дэмакратычную партыю, якая даўно вызначае румынскую палітыку. Гэта стала магчымым пасьля каліцыі з Нацыянальна-лібэральнай партыяй.

2 верасьня 2024 годлу, пасьля чарговай расейскай атакі на Ўкраіну, Чаляку прапанаваў перадаць Украіне адну з румынскіх абарончых сыстэмаў.

У сваёй палітычнай кар’еры Чаляку меў і скандалы — гэта і падазрэньні ў карупцыйных схемах пры будаўнічым праекце ў Бузэў, і сувязі з падазраваным у выкраданьні румынскіх журналістаў у Іраку, і сямейныя разборкі з разводам і адносінамі з былой «Міс Бузэў».

Чаляку адносяць да прыхільнікаў нацыяналізму левага крыла і палітыкаў, якія падтрымліваюць далейшую дапамогу Ўкраіну ў змаганьні з расейскай агрэсіяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Румынія вырашыла падарыць Украіне сыстэму СПА «Пэтрыёт»