Чаго чакаць ад прэзыдэнцкіх выбараў у Турэччыне і як можа зьмяніцца яе зьнешняя палітыка — экспэрт

Банэры прэзыдэнта Турэччыны Таіпа Рэджэпа Эрдагана і Кемаля Кылычдараглу, кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыйнага альянсу Турэччыны з мэрам Стамбула Экрэмам Імамаглу. Стамбул, 12 траўня 2023 г.

У Турэччыне 14 траўня пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Шэсьць апазыцыйных партый аб'ядналіся і выставілі адзінага кандыдата, каб даць адпор дзейнаму прэзыдэнту, апазыцыя ўпершыню мае шанец на посьпех.

Чаго чакаць ад прэзыдэнцкіх выбараў у Турэччыне і што зьменіцца пасьля іх — «Настоящему времени» распавёў дырэктар Цэнтра блізкаўсходніх дасьледаваньняў Ігар Сямівалос.

Зь якім багажом прыйшоў да выбараў Эрдаган

Ігар Сямівалос

Эрдаган больш як 20 гадоў ва ўладзе: 11 гадоў прэмʼер-міністар, потым прэзыдэнт. У Турэччыне памянялі Канстытуцыю, абнулілі тэрміны, што дазволіла Эрдагану зноў балятавацца на выбарах сёлета.

Эрдаган, несумненна, — гэта палітычная постаць, якая шмат зрабіла для Турэччыны. Фактычна за 20 зь лішнім гадоў гэты палітык прывёў Турэччыну ў топ разьвітых дзяржаў. Зь яго дапамогай і пры яго падтрымцы была рэалізаваная велізарная колькасьць рэформаў, асабліва ў пачатку яго кіраваньня. Так, потым былі гэтыя адхіленьні, асабліва пасьля няўдалага перавароту 2016 году і ісламісцкіх экспэрымэнтаў у эканоміцы сытуацыя мянялася не на карысьць Эрдагана.

Як могуць памяняцца адносіны з Расеяй, калі пераможа апазыцыйны кандыдат

— Я б зьвярнуў увагу на апошні твіт Кылычдараглу, дзе ён папярэджвае «дарагіх рускіх сяброў» аб тым, што калі яны будуць працягваць умешвацца ў справы Турэччыны, то адносіны могуць сапсавацца. Але пры гэтым усім у гэтым жа самым твіце ён кажа, што для Турэччыны важныя адносіны з Расеяй.

Я адзначаю, што апазыцыя дастаткова мала кажа пра гэты напрамак. Яны падтрымліваюць такую агульную танальнасьць і неабходнасьць працягу супрацоўніцтва, важнасьці расейскіх рынкаў і гэтак далей. Мне падаецца, што асноўныя падзеі адбудуцца ўжо пасьля выбараў. І ў выпадку перамогі Кылычдараглу там адбудуцца вельмі сурʼёзныя зьмены на заходні вэктар. Гэта ўжо заяўлена. Таксама ў асяродзьдзі Кылычдараглу ёсьць дастатковая колькасьць экспэртаў і палітыкаў, якія настойваюць на ўзмацненьні падтрымкі Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маладыя ня хочуць, каб паліцыя прыходзіла да іх дзьвярэй раніцай толькі таму, што яны напісалі твіт». Як ідзе выбарчая гонка ў Турэччыне

Як можа зьмяніцца пазыцыя па вайне з Украінай

— Я думаю, што тут шмат у чым будзе залежаць ад хуткасьці зьмены сытуацыі і адносін паміж Турэччынай і Злучанымі Штатамі Амэрыкі, Турэччынай і Эўрапейскім зьвязам, Турэччынай і NATO. Тут важнае рашэньне Турэччыны аб тым, каб Швэцыя як мага хутчэй увайшла ў NATO. Вось гэтыя ўсе праблемы, якія існавалі ў адносінах, павінны быць вырашаныя.

Але важна таксама тое, што зараз вельмі шмат гучыць экспэртных ацэнак з боку прадстаўнікоў апазыцыі аб неабходнасьці ўзмацненьня падтрымкі Украіны, аб большай салідарнасьці ў рамках Паўночнаатлянтычнага альянсу і працы з асноўнымі саюзьнікамі па спыненьні вайны і поўным выхадзе расейскіх войскаў з усёй тэрыторыі Украіны.

Ці лёгка Эрдаган аддасьць сваю ўладу ў выпадку пройгрышу

— Канечне не. Гэта відавочна. Таму ўся ўвага прыкавана да Турэччыны, паколькі ўсе разумеюць драматычнасьць гэтай сытуацыі.

Зь іншага боку, апазыцыя не гатовая саступіць. Яны гатовыя даць бой на выбарчых участках і абараняць гэты выбар. Таму, вядома, гэты драматызм адчуваецца і нядзеля будзе дастаткова гарачай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыя ў Турэччыне патрабуе зьняць з выбараў кандыдатуру Эрдагана

Ці будзе другі тур

— Абодва кандыдаты спрабуюць вырашыць праблему ў першым туры — гэта відавочна. Мабілізацыя і прыхільнікаў Эрдагана, і прыхільнікаў Кылычдараглу зараз максымальная для таго, каб вырашыць пытаньне ў першым туры і не зацягваць гэтую сытуацыю. Але шанцы недзе 50:50. Цалкам магчыма, што другі тур будзе.

***

Чаму Эрдаган можа прайграць

  • Першая прычына — эканоміка. Калі восеньню 2021 году пачала падаць ліра, Цэнтральны банк, падкантрольны Эрдагану, пачаў дзейнічаць па інструкцыях прэзыдэнта. У выніку інфляцыя дасягнула рэкорднай адзнакі за апошнія 24 гады, кошты вырасьлі практычна на ўсё.
  • Другая прычына — кансалідаваная апазыцыя. Шэсьць партый абʼядналіся, каб выставіць супраць Эрдагана адзінага кандыдата. Паводле апытаньняў, дзейны прэзыдэнт стабільна прайграваў у папулярнасьці свайму галоўнаму апанэнту — Кемалю Кылычдараглу.
  • Дадатковы фактар — нядаўнія землятрусы, якія забралі жыцьці дзясяткаў тысяч чалавек і зруйнавалі велізарную колькасьць дамоў. Эрдаган абвінаваціў ва ўсім забудоўшчыкаў, якія ігнаравалі стандарты бясьпекі. Арыштавалі дзясяткі будаўнікоў. Але апазыцыя кажа, што віной таму — дзейныя правілы і шырока распаўсюджаная карупцыя, а, значыць, адказнасьць ляжыць на ўрадзе і самім Эрдагане.

Супернікі Эрдагана

  • За тры дні да галасаваньня ад перадвыбарнай гонкі адмовіўся адзін з кандыдатаў — Мухарэм Інджы, якому прадказвалі каля 2% галасоў, але яго адмова можа зьмяніць расклад сіл. Пасля выхаду з гонкі Інджы застаюцца тры прэтэндэнты на прэзыдэнцкую пасаду, уключаючы кандыдата ад альянсу АТА (Альянс продкаў) Сінана Агана. Асноўныя супернікі — Эрдаган і Кылычдараглу.
  • У 74-гадовага Кемаля Кылычдараглу рэпутацыя сумленнага, рашучага бюракрата, змагара з карупцыяй. Але досьведу выбарнага супрацьстаяньня Эрдагану, які яшчэ не прайграў ніводнага галасаваньня, у яго няма.
  • Каб перамагчы ў першым туры, кандыдату трэба набраць больш за 50% галасоў. Апошнія апытаньні паказваюць, што Эрдагана падтрымліваюць 43,7% выбаршчыкаў, а Кылычдараглу 49,3%. Калі гэтыя лічбы справядлівыя, то другога туру не пазьбегнуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць загінулых ад землятрусаў у Турэччыне і Сырыі перавысіла 41 тысячу чалавек