Адразу ў некалькіх расейскіх гарадах — Маскве, Казані, Новасібірску, Екацярынбургу, Пермі і Барнауле — праходзяць акцыі памяці Барыса Нямцова да восьмай гадавіны ягонага забойства.
Як паведаміў тэлеканал «Настоящее время», у расейскай сталіцы людзі нясуць кветкі на Вялікі маскварэцкі мост, дзе быў застрэлены Барыс Нямцоў. Паліцыя выбарачна спыняе прахожых, але абыходзіцца без затрыманьняў.
У Казані пры ўскладаньні кветак паліцыянты спрабавалі затрымаць актывістку Веру Атрэшку. Яе абвінавацілі ў выгульваньні сабакі без намордніка, але потым вызвалілі без пратаколу, але паабяцалі прыцягнуць у суд, калі апублікуе відэазапіс яе затрыманьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне атрымаў раненьне падазраваны ў забойстве НямцоваУ Новасібірску людзі другі дзень запар нясуць кветкі да помніка ахвярам палітычных рэпрэсій, дзе 26 лютага арганізавалі мэмарыял, прысьвечаны Барысу Нямцову.
У Екацярынбургу на плошчы Працы грамадзяне зладзілі варту памяці Барыса Нямцова. Мясцовыя ўлады забаранілі прыносіць партрэты, плякаты і зьнічкі, але ўскладаньне кветак дазволілі. Побач пільнуе паліцыя і супрацоўнікі міністэрства грамадзкай бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bellingcat: перад забойствам за Нямцовым сачылі тыя самыя супрацоўнікі ФСБ, што і за атручанымі апанэнтамі КрамляУ Пермі мясцовыя ўлады двойчы адмаўлялі ў правядзеньні акцыі памяці. Таму актывісты зьмянілі фармат — 26 лютага правялі суботнік каля мэмарыялу ахвярам палітычных рэпрэсій, а пасьля ўсклалі кветкі. Людзі прыйшлі без плякатаў і не выказвалі ніякіх палітычных патрабаваньняў. Паліцыянты здымалі на відэа акцыю, але нікога не затрымалі.
У Барнауле мітынг адбыўся таксама 26 лютага. Яго арганізавала мясцовае аддзяленьне партыі «Яблоко». Акцыя адбылася ля помніка ахвярам палітычных рэпрэсій па ўзгадненьні з мясцовымі ўладамі. Ушанаваць памяць расейскага палітыка прыйшло каля двух дзясяткаў грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі пракрамлёўская партыя выкарыстала ў сваім роліку 7-гадовага сына Барыса НямцоваБарыса Нямцова застрэлілі позна ўвечары 27 лютага 2015 году на Вялікім маскварэцкім мосьце. Вінаватымі ў забойстве палітыка суд прызнаў і асудзіў пецярых ураджэнцаў Чачэніі: Заура Дадаева (непасрэдны выканаўца забойства), братоў Анзора і Шадзіда Губашавых, Тэмірлана Эскерханава і Хамзата Бахаева. Іх асудзілі на пазбаўленьне волі на тэрмін ад 11 да 20 гадоў. Арганізатараў і заказчыкаў забойства дагэтуль не знайшлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПАРЭ: Расея праваліла расьсьледаваньне забойства Нямцова, сьледзтва трэба аднавіць