Перад забойствам Барыса Нямцова за ім сачылі тыя самыя супрацоўнікі ФСБ, якія атруцілі іншых вядомых крытыкаў і апанэнтаў Пуціна — Аляксея Навальнага, Дзьмітрыя Быкава і Ўладзіміра Кара-Мурзу. Новае сумеснае расьсьледаваньне апублікавалі The Insider, Bellingcat і BBC.
Імёны супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў сачэньні, — Валерый Сухараў, Дзьмітрый Сухінін і Аляксей Крывашчокаў. Як мінімум адзін зь іх увесь час рухаўся сьледам за палітыкам у пэрыяд з траўня 2014 году па люты 2015 году, але часьцей яны дзейнічалі па двое. Больш актыўна за Нямцовым сачыў Сухараў — сама меней 13 паездак, апошняя з якіх была за 10 дзён да забойства.
За два дні да забойства супрацоўнікі пераключыліся на журналіста Ўладзіміра Кара-Мурзу, якога затым двойчы атруцілі. І Нямцоў, і Кара-Мурза актыўна лябіявалі санкцыі супраць блізкага атачэньня прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Афіцыйнае расьсьледаваньне забойства Нямцова базавалася на экспэртызы Інстытуту крыміналістыкі ФСБ, зь якім наўпрост быў зьвязаны адзін з агентаў, якія «распрацоўвалі» Нямцова.
Сухараў пазьней быў у групе ФСБоўцаў, якія атруцілі Кара-Мурзу, Дзьмітрыя Быкава і Аляксея Навальнага, а Крывашчокаў удзельнічаў як мінімум у атручэньні Навальнага. Звычайна яны прыбывалі за некалькі гадзін ці за дзень да Нямцова і зьяжджалі незадоўга да яго ці адразу пасьля яго, каб не перасякацца з палітыкам у дарозе. Усяго за гэты пэрыяд аўтары расьсьледаваньня налічылі 13 паездак, што супалі з маршрутамі Нямцова, у тым ліку ў Яраслаўль, Ніжні Ноўгарад і Новасібірск.
У канцы студзеня 2014 году Нямцоў сустракаўся з амэрыканскімі сэнатарамі-рэспубліканцамі Джонам Маккейнам і Ронам Джонсанам і перадаў ім імёны 13 чалавек для ўключэньня ў санкцыйны сьпіс. 20 сакавіка ЗША апублікавалі дапоўнены сьпіс санкцыяў, у які сярод іншага ўвайшлі сьпікер Дзярждумы Сяргей Нарышкін, начальнік ГРУ Ігар Сяргун, кіраўнік Расейскіх чыгунак Уладзімір Якунін, дырэктар ФСКН (Фэдэральнай службы Расейскай Фэдэрацыі для кантролю за абарачэньнем наркотыкаў) Віктар Іваноў і «гаманцы Пуціна» — Юрый Кавальчук, Аркадзь і Барыс Ротэнбэргі, а таксама Генадзій Цімчанка.
Праз 2 месяцы пасьля гэтага за Нямцовым пачалі езьдзіць кілеры з ФСБ.
Таксама ў расьсьледаваньні The Insider, Bellingcat і BBC апублікавалі ўсё, што на гэты момант вядома пра агентаў ФСБ. Аўтары адзначылі, што пакуль не ўдалося з поўнай дакладнасьцю высьветліць, ці былі кілеры ФСБ зьвязаныя з групай чачэнскіх кілераў. У наступнай частцы расьсьледаваньня аўтары абяцаюць апавесьці дэталі ўдзелу чачэнскай групы.
Напярэдадні стала вядома, што адзін зь меркаваных удзельнікаў забойства Барыса Нямцова — Руслан Герамееў — удзельнічаў у апэрацыі расейскіх войскаў, якія ўварваліся ў Марыюпаль у 2022 годзе. У матэрыялах справы расейскіх сьледчых Герамееў не фігуруе як магчымы вінаваты або арганізатар забойства Нямцова. Паведамляецца, што сьледчыя спрабавалі яго дапытаць, але марна, потым ён зьехаў з Расеі.
Барыса Нямцова застрэлілі 27 лютага 2015 году ў цэнтры Масквы, каля Крамля. Празь некалькі тыдняў па абвінавачаньні ў забойстве Нямцова арыштавалі пяцёх чачэнцаў, пазьней за забойства асудзілі аднаго зь іх, Заура Дадаева. Аднак сваякі Нямцова і апазыцыя дагэтуль заяўляюць, што сапраўдных забойцаў не знайшлі.