Праваабаронца Стэфановіч назваў арышты ў «справе Ціханоўскага» адвольнымі затрыманьнямі

За апошні месяц за злачынства паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу ў Беларусі затрымалі і зьмясьцілі пад варту 17 чалавек, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Сярод іх — блогеры, актывісты, сябры ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, грамадзяне.

Тыя, каму ўжо прад’явілі абвінавачаньне, праходзяць у так званай «справе Ціханоўскага» пасьля інцыдэнту на выбарчым пікеце 29 траўня ў Горадні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка «даў сыгнал зь Ціханоўскім». Ці гэта законна, разьбіраемся з экспэртамі

Намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч заяўляе, што крымінальны перасьлед і зьмяшчэньне пад варту паводле артыкулу 342 стаў новай формай адвольных затрыманьняў. Асноўная мэта — ізаляцыя на пэрыяд выбарчай кампаніі.

«Улады выкарыстоўваюць гэтыя падзеі як нагоду для затрыманьня ўсіх патэнцыйна небясьпечных людзей: блогераў, актывістаў і іншых. Падобна, ня надта клапоцяцца нават пра якасьць крымінальных справаў і ня дужа разлічваюць на іх судовыя пэрспэктывы. Зрэшты, практыка ня новая для Беларусі. Мы назіралі падобнае ў 2006 годзе са штабам кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Або перад чэмпіянатам сьвету ў хакеі, калі сотні актывістаў былі асуджаныя на працяглыя адміністрацыйныя арышты паводле артыкулу 17.1 КаАП (хуліганства)», — адзначыў Валянцін Стэфановіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: справа супраць блогера Лосіка палітычна матываваная

Па яго словах, сёлета ўлады выкарыстоўваюць у якасьці падставаў для адвольных затрыманьняў крымінальны перасьлед паводле артыкулу 342. Тым больш, як паказала практыка «справы патрыётаў» у 2017 годзе, калі крымінальная справа спыняецца на этапе папярэдняга сьледзтва да суду, то ніякіх кампэнсацый ў сувязі з утрыманьнем пад вартай дамагчыся немагчыма. Гэта зручна для ўладаў: можна ледзь ня год утрымліваць чалавека ў СІЗА, а потым спыніць крымінальную справу і вызваліць без усякіх кампэнсацый, дадае Валянцін Стэфановіч.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» катэгарычна пратэстуе супраць адвольных затрыманьняў блогераў, актывістаў, прадстаўнікоў апазыцыйных партый, сяброў ініцыятыўных групаў альтэрнатыўных вылучэнцаў і іншых грамадзян і патрабуе ад беларускіх уладаў іх неадкладнага вызваленьня.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачыў Сяргея „на калідорах“ у пачатку 2023-га». Як выглядае звычайны дзень Ціханоўскага за кратамі