Блогеру Сяргею Ціханоўскаму і сямі ягоным паплечнікам, затрыманым 29 траўня ў Горадні, прад’явілі абвінавачаньні. Яны застаюцца пад сьледзтвам за кратамі ў менскім СІЗА №1. Яшчэ аднаго актывіста затрымалі 4 чэрвеня.
УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Сьвятлана Ціханоўская паведаміла праваабаронцам «Вясны», што яе мужу Сяргею прад’явілі абвінавачаньне і пакінулі пад вартай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскаму і яго паплечнікам выставілі абвінавачаньне ў «падрыхтоўцы парушэньня парадку». Пагражае да 3 гадоў турмыСяргей Ціханоўскі
Як пракамэнтаваў 9 чэрвеня Сьледчы камітэт, Сяргея Ціханоўскага абвінавацілі паводле часткі 1 артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Такое ж абвінавачаньне выставілі іншым асобам, якія праходзяць у гэтай справе. Згодна з артыкулам, могуць прысудзіць штраф, арышт, абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.
Васіль Баброўскі
Аналягічная інфармацыя паступае і ад іншых сваякоў затрыманых. Сваякі Васіля Баброўскага сказалі праваабаронцам, што яго трымаюць пад вартай на падставе таго ж артыкула Крымінальнага кодэксу.
Вяргілій Ушак
Нявеста затрыманага Вяргілія Ушака паведаміла «Вясьне», што яму прад’яўлена абвінавачаньне паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.
Арцём Сакаў
Маці Арцёма Сакава таксама сказала, што яе сыну прад’явілі абвінавачаньне паводле ч.1 арт. 342 КК. Ён застаецца пад вартай.
Уладзімер Кніга
8 чэрвеня стала вядома, што Ўладзімер Кніга знаходзіцца ў менскім СІЗА на Валадарскага. Апошнім часам Кніга працаваў кіроўцам у дзяржаўнай арганізацыі.
Як сказала БелаПАН жонка затрыманага Вольга, Уладзімеру 39 гадоў, у іх двое дзяцей 12 і 4 гадоў. Старэйшы сын мае інваліднасьць 4 ступені, у яго ДЦП, хлопчык не размаўляе, ня ходзіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абвінавачаньне вытхнулася». Юрыст пра крымінальную справу супраць ЦіханоўскагаЗа кратамі таксама застаюцца Аляксандар Арановіч, Дзьмітры Фурманаў, Уладзімер Навумік, Яўген Разьнічэнка. Іх прадстаўнікі на сувязь з праваабаронцамі пакуль ня выйшлі.
Што прадугледжвае выстаўлены артыкул Крымінальнага кодэксу
З камэнтара Сьледчага камітэту вынікае, што Ціханоўскаму, як і яшчэ 6 затрыманым, выставілі абвінавачваньне паводле ч. 1 арт. 342 КК.
Частка 1 арт. 342 КК РБ: Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, або якія пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяньнях пры адсутнасьці прыкметаў больш цяжкага злачынства — караюцца штрафам, або арыштам, або абмежаваньнем волі на тэрмін да 3 гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Ціханоўскі прабудзе за кратамі да дня выбараў
Аднаму зь фігурантаў «справы Ціханоўскага» пагражае да 6 гадоў турмы
Аднаму з затрыманых (каму, не ўдакладняецца) выставілі таксама абвінавачаньне паводле артыкула 364 КК (гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).
Паводле СК, пры дапамозе відэазапісаў зь пікету выявілі «яшчэ адну асобу», якая «чыніла гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі, якія дастаўлялі затрыманых у службовы транспарт».
Гэты артыкул прадугледжвае пакараньні ад арышту да абмежаваньня волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьня волі на тэрмін да 6 гадоў.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.