Ад 24 ліпеня расейская Фэдэральная служба фітасанітарнага нагляду скасуе ранейшыя абмежаваньні на ўвоз у Расею яблыкаў зь Беларусі, паведамляе Рассельгаснагляд.
Яблыкі будуць пускаць «пад гарантыі» беларускай Галоўнай дзяржаўнай інспэкцыі насеньніцтва, карантыну і абароны расьлінаў.
Дазвол далі пасьля таго, як расейскія спэцыялісты наведалі 51 беларускае «яблычнае» прадпрыемства, агледзелі сады і склады, а таксама атрымалі зьвесткі пра пляны паставак.
Вясной былі ўведзеныя спачатку абмежаваньні, а затым — ад 12 красавіка — і забарона на пастаўкі яблыкаў і грушаў. Расея западозрыла нелегальныя пастаўкі прадуктаў з трэціх краінаў. Але сумнеўныя пастаўкі працягнуліся: яблыкі нават маскіравалі бульбай, але ўсё адно пастаўкі выяўлялі, садавіну ў Расеі зьнішчалі сотнямі тонаў, а некаторых пастаўшчыкоў нават судзілі.
Што будзе з пастаўкамі зь Беларусі грушаў, а таксама іншых прадуктаў пад абмежаваньнямі, не паведамляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Насуперак Рассельгаснагляду. Якую імпартную садавіну Беларусь перапрадае ў Расею. ІНФАГРАФІКА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што зь беларускімі крэвэткамі? Як Беларусь прадае ў Расею тунца, камбалу і каракаціц ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менш, чым на каровах. Колькі Беларусь зарабляе на транзыце расейскай нафты