Гэтая заява прагучала ў эфіры дзяржаўных тэлеканалаў АНТ і «Беларусь-1».
Лукашэнка заклікаў праваахоўнікаў не дапусьціць паўтору трагедыі ў Беларусі і «зрабіць усё, каб на вуліцах было спакойна, каб людзі нармальна правялі сьвята».
«Глядзіце, каб не адбылося, як у Расеі. Яны пачалі падымаць акцызы на алькаголь, зрабілі завоблачныя кошты на сьпіртавыя напоі, і людзі пачынаюць піць „барматуху“, як гэта было ў нас у савецкія часы», — заявіў ён.
«Варта спыніць гэтае свавольства з падаткамі на сьпіртное. Ну сьвяты... Такія нашы людзі-славяне. І выпіць любяць, і закусіць. Ня трэба іх падштурхоўваць да таго, каб пілі глог ці яшчэ штосьці», — дадаў кіраўнік краіны.
За мінулы месяц у расейскім Іркуцку 77 чалавек загінулі пасьля ўжываньня ўнутр канцэнтрату для ваннаў «Глог», які зьмяшчаў мэтылявы сьпірт замест пазначанага на ўпакоўцы этылявага.