НАТО не імкнецца да канфрантацыі з Расеяй і ня хоча паўтарэньня халоднай вайны, заявіў у інтэрвію тэлеканалу ВВС генэральны сакратар вайсковага зьвязу Енс Столтэнбэрг. Паводле яго, Паўночнаатлянтычны альянс не разглядае Расею ў якасьці пагрозы.
Столтэнбэрг растлумачыў, што рашэньне разьмясьціць чатыры тысячы дадатковых вайскоўцаў НАТО ва Ўсходняй Эўропе накіравана на стрымліваньне Расеі і павінна дапамагчы прадухіліць канфлікты. Такім чынам, са словаў Столтэнбэрга, Паўночнаатлянтычны зьвяз адказвае на «ядзерную рыторыку» Крамля ў дачыненьні да эўрапейскіх краінаў і дзеяньні Расеі на ўсходзе Ўкраіны. Генэральны сакратар запэўніў, што НАТО і далей будзе абараняць сваіх саюзьнікаў.
З пачатку 2016 году краіны Паўночнаатлянтычнага альянсу вядуць палітыку стрымліваньня Расеі. У ліпені ўдзельнікі саміту НАТО ў Варшаве пагадзіліся разьмясьціць войскі ў Польшчы і краінах Балтыі. У фармаваньні чатырох батальёнаў будуць удзельнічаць Вялікая Брытанія, Нямеччына, Канада і ЗША.