Глод: Сёньня ў Ерэване праходзіць сэсія Рады калектыўнай бясьпекі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). У ёй удзельнічае і Аляксандар Лукашэнка. «Прэзыдэнт прадставіць пазыцыю Беларусі па прыярытэтных кірунках дзейнасьці ў пэрыяд старшынства нашай краіны ў АДКБ», — гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы кіраўніка беларускай дзяржавы.
Мяркуючы па анансаваных тэмах саміту (міжнародная сытуацыя, актуальныя пытаньні калектыўнай бясьпекі, дадатковыя захады арганізацыі ў сфэры процідзеяньня тэрарызму, стратэгія калектыўнай бясьпекі да 2025 году, стварэньне Цэнтру крызыснага рэагаваньня і г.д.), ён павінен стаць шмат у чым адказам на рашэньні, прынятыя летам у Варшаве на саміце НАТО. Тут самы раз нагадаць, што ў сталіцы Польшчы Альянс пастанавіў: у адказ на дзеяньні Расеі разьмясьціць у трох балтыйскіх краінах і Польшчы чатыры асобныя батальёны. Прадугледжваецца, што яны будуць зь Вялікай Брытаніі, Канады, Нямеччыны, ЗША і іншых краін НАТО. Таксама прадугледжваецца разьмяшчэньне гэтых сілаў на сталых базах. Гэта значыць, пачаўся працэс стварэньня інфраструктуры на ўсходніх рубяжах Паўночнаатлянтычнага альянсу.
У адказ на гэта Расея спрабуе яшчэ мацней кансалідаваць сваіх саюзьнікаў па АДКБ. Аднак зрабіць гэта ня проста. Галоўная перашкода — незадаволенасьць Армэніі, што АДКБ не падтрымаў яе ў канфлікце з Азэрбайджанам. І сапраўды, у статутах як НАТО, так і АДКБ фармальна прапісаны так званы мушкетэрскі прынцып: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Але падчас красавіцкай збройнай успышкі паміж Азэрбайджанам і Армэніяй міратворчыя сілы АДКБ у зоне канфлікту не зьявіліся. І гэта стала падставай для антырасейскіх выступаў у Ерэване. Не абмінула гэтая незадаволенасьць і Беларусь, амбасадара якой выклікалі для тлумачэньняў у Міністэрства замежных спраў Армэніі. Цікава, што канфлікт разгарэўся ў год старшынства ў АДКБ менавіта Армэніі. Аднак пасіўнасьць арганізацыі паказала, што насамрэч усё вырашае Масква.
Калі адносіны НАТО з Расеяй істотна пагоршыліся, блёкавая супраца выглядае непраўдападобнай
Расея актыўна прадае зброю як Ерэвану, так і Баку. Гэтаксама робіць і афіцыйны Менск. І тут зьвяртае на сябе ўвагу нядаўняя сэрыя візытаў у сталіцу Азэрбайджану кіраўнікоў некаторых сілавых структур Беларусі. Паказальна, што ўсіх іх прымаў прэзыдэнт Аліеў.
Для Беларусі сёньняшні саміт адметны. У сувязі з маючай адбыцца ратацыяй (у алфавітным парадку) і пераходам функцыяў старшыні да Беларусі Менск абвясьціў пра намер аддаваць асаблівую ўвагу разьвіцьцю і павышэньню эфэктыўнасьці супрацоўніцтва АДКБ зь міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку ААН. А вось супраца АДКБ і НАТО, на мой погляд, цяпер малаверагодная. Альянс і раней аддаваў перавагу двухбаковаму супрацоўніцтву з канкрэтнымі краінамі АДКБ, а ня так званаму блёкаваму прынцыпу. Цяпер жа, калі адносіны НАТО з Расеяй істотна пагоршыліся, блёкавая супраца наагул выглядае непраўдападобнай.
Праўда, некаторыя экспэрты лічаць прымальным полем супрацоўніцтва паміж двума вайскова-палітычнымі блёкамі сумесныя міратворчыя кантынгенты. Напрыклад, яны могуць зьявіцца на ўсходзе Ўкраіны. Магчыма, Аляксандар Лукашэнка ў наступным годзе паспрабуе, карыстаючыся старшынствам у АДКБ, разыграць гэтую карту. Наколькі гэта праўдападобна, на вашу думку, калегі?
Карней: З улікам таго, што высілкамі палітыкаў сьвет зноў падзяляецца на чорны і белы, а кожны з варагуючых бакоў лічыць, што яму кінуты выклік з боку «сілаў зла», значная роля адводзіцца складніку вайсковай баяздольнасьці. Гэта відаць на практыцы: у адказ на кожнае вялікае ці малое вучэньне НАТО неадкладна альтэрнатыўныя манэўры арганізуе Расея. Часьцяком да іх прыцягваюцца і беларускія армейскія злучэньні.
Як вынікае з прэс-рэлізу сёньняшняга мерапрыемства, апроч перадачы кіроўных паўнамоцтваў Беларусі, чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў прымуць шэраг палітычных заяваў. Але цяпер беларускаму кіраўніцтву трэба быць нашмат больш абачлівым, чым дагэтуль, раскідаючыся стэрэатыпнымі клішэ наконт пагрозаў з Захаду.
З аднаго боку, Менск спрабуе выбудаваць стратэгічнае партнэрства з Эўразьвязам, і завочная крытыка наўрад ці будзе спрыяць шчырасьці ў наладжваньні двухбаковых адносін. Зь іншага боку, прыклад Украіны яскрава сьведчыць: небясьпека можа паходзіць якраз ад намінальнага саюзьніка, які пад прыкрыцьцём жыцьцёва важных інтарэсаў можа прыйсьці «ратаваць» без абвяшчэньня вайны. З гэтай прычыны «завісла» ідэя расейскай авіябазы ў Беларусі, і думаю, што Аляксандар Лукашэнка, будзь яго воля, з задавальненьнем пазбавіўся б ад расейскіх станцыяў сачэньня і сувязі, якія ўжо ёсьць у Вілейцы і Ганцавічах.
Таму мяркую, што пазыцыя Беларусі на саміце Рады калектыўнай бясьпекі АДКБ будзе акуратная і ўзважаная. Прагучаць агульныя заявы пра неабходнасьць больш глыбокай інтэграцыі ў пытаньнях рэагаваньня на надзвычайныя сытуацыі і супрацьдзеяньня ўсясьветнаму тэрарызму. Але наўрад ці дойдзе да заклікаў яднацца перад абліччам, кажучы штампамі савецкай прапаганды, «натаўскай гідры».
АДКБ ні па якіх парамэтрах ня можа канкураваць з даведзеным да дасканаласьці мэханізмам НАТО
Ёсьць зьвесткі, што будзе абмяркоўвацца неабходнасьць стварэньня Цэнтру крызыснага рэагаваньня — яшчэ адна структура, якая наўрад ці што будзе вырашаць рэальна, але куды так ці інакш уладкуюцца некалькі соцень вайсковых чыноў. Але гэта ўдзячная тэма, якой можна заняць добрую палову дня, замест таго каб вырашаць супярэчнасьці ў рамках арганізацыі.
Што тычыцца самой структуры АДКБ, то яна ні па якіх парамэтрах ня можа канкураваць з даведзеным да дасканаласьці мэханізмам НАТО. Сумесныя вучэньні амаль не праводзяцца, таму чакаць вывераных і ўзгодненых дзеяньняў падчас нейкай надзвычайнай сытуацыі наўрад ці выпадае. Да таго ж нямала супярэчнасьцяў паміж удзельнікамі арганізацыі — прынамсі, «вызвольны» паход Расеі ва Ўкраіну быў успрыняты з насьцярожанасьцю і сустрэты заклікамі як найхутчэй вырашыць канфлікт. Адназначна бок Расеі не заняў, бадай, ніхто.
Але самае галоўнае — калі ў НАТО ў такіх магутных краін, як ЗША, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя, ёсьць права прыярытэтнага, але калегіяльнага голасу, то ў рамках АДКБ сваю волю цалкам намагаецца дыктаваць Расея. Усе астатнія ўдзельнікі гэтай мілітарысцкай гульні — збольшага маўклівыя статысты.
Карбалевіч: Думаю, праблема АДКБ зьвязаная ня толькі з сытуацыяй вакол Армэніі. Праблема больш глыбокая. Справа ў тым, што АДКБ абʼядноўвае вельмі розныя дзяржавы з розных геаграфічных рэгіёнаў, з рознымі геапалітычнымі інтарэсамі, рознымі небясьпекамі. Якія, напрыклад агульныя інтарэсы і пагрозы бясьпецы ў такіх краін, як Кіргізстан, Армэнія і Беларусь? Ды практычна ніякіх. У краін Цэнтральнай Азіі галоўная небясьпека — гэта пагроза ісламскага фундамэнталізму з поўдня, з Аўганістану, напрыклад. Пагрозы з боку НАТО для іх увогуле неактуальныя. Для Армэніі галоўная праблема — канфлікт з Азэрбайджанам праз Карабах. А якое гэта дачыненьне мае да інтарэсаў Беларусі? Ды практычна ніякага. Увогуле, сяброўства чальцоў АДКБ у гэтай арганізацыі — гэта дэманстрацыя ляяльнасьці да Расеі. Гэта галоўны чыньнік, які абʼядноўвае краіны ў АДКБ.
І ў гэтым вялікае адрозьненьне ад НАТО, якая, пры ўсіх рознагалосьсях краін-удзельніц, уяўляе сабой больш кансалідаваны, арганізаваны альянс. Там большае адзінства інтарэсаў і адчуваньне пагроз.
Адзіная прыемная рэч на самітах АДКБ — гэта, магчыма, смачны армянскі каньяк
Таму я цяжка ўяўляю, як АДКБ можа даць адказ на рашэньні, прынятыя НАТО на Варшаўскім саміце. Хіба што толькі ў выглядзе дэклярацыяў. І, зьвярніце ўвагу, АДКБ не падтрымала Расею ў яе канфлікце з Украінай і Захадам. Не выпадкова Расея аднаасобна ўзмацняе свой вайсковы патэнцыял уздоўж заходніх межаў, ня вельмі спадзеючыся на дапамогу беларускага войска.
Што тычыцца міратворчых сіл АДКБ і НАТО на Данбасе, то гэта мала імаверна. Вельмі вялікі недавер паміж гэтымі блёкамі. І каб яны разам зьявіліся ў такім канфліктным рэгіёне, вакол якога ўзьнікла такая моцная канфрантацыя паміж Расеяй і Захадам — гэта наўрад ці. Калі ўжо і будзе дасягнутая дамова аб міратворчых сілах на Данбасе, то яны павінны зьявіцца зь нейкіх зусім нэўтральных рэгіёнаў, можа з Кітаю, Азіі ці Афрыкі. Ну, а адзіная прыемная рэч на самітах АДКБ — гэта, магчыма, смачны армянскі каньяк.