Стан Алы Джыоевай стабілізаваўся

Ала Джыоева гутарыць з прэсаю пасьля лістападаўскіх выбараў

Стан экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Паўднёвай Асэтыі Алы Джыоевай стабілізаваўся, аднак, паводле дактароў, застаецца цяжкім. Брат Джыоевай Канстанцін паведаміў журналістам, што яна можа кантактаваць з блізкімі, дактары даюць ёй неабходную дапамогу.

Алу Джыоеву шпіталізавалі ў чацьвер з гіпэртанічным крызам. Ёй стала кепска падчас размовы зь сьледчым, што прыйшоў у яе штаб з позваю на допыт у якасьці сьведкі ў справе аб спробе захопу ў лістападзе комплексу будынкаў, дзе месьцяцца органы выканаўчай улады самаабвешчанай рэспублікі.

10 лютага Джыоева — пераможца на лістападаўскіх прэзыдэнцкіх выбарах, якія ўлады прызналі за несапраўдныя, — мела намер правесьці цырымонію сваёй інаўгурацыі.

***

27 лістапада 2011 г. у Паўднёвай Асэтыі прайшоў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў, у які выйшлі кіраўнік МНС рэспублікі Анатоль Бібілаў і былы міністар адукацыі Ала Джыоева. Па выніках галасаваньня ЦВК паведаміў пра перамогу Джыоевай. Аднак Вярхоўны суд рэспублікі адмяніў вынікі выбараў.

Не пагадзіўшыся з гэтым рашэньнем, Джыоева абвясьціла сябе абраным прэзыдэнтам, яе прыхільнікі занялі цэнтральную плошчу Цхінвалі.

9 сьнежня тагачасны прэзыдэнт Паўднёвай Асэтыі Эдуард Какойты і Джыоева дасягнулі пагадненьня аб урэгуляваньні сытуацыі. Але ў студзені Джыоева адклікала свой подпіс пад пагадненьнем, тлумачачы, што ўлады парушаюць дасягнутыя дамоўленасьці. Яна таксама заявіла, што ня будзе браць удзелу ў новых выбарах кіраўніка рэспублікі і запатрабавала перадаць ёй уладу як законна абранаму прэзыдэнту.

Пазьней яна прызначыла на 10 лютага ўласную інаўгурацыю на пасаду кіраўніка Паўднёвай Асэтыі.

Новыя прэзыдэнцкія выбары ў Паўднёвай Асэтыі прызначаныя на 25 сакавіка.

Сусьветная супольнасьць, якая працягвае лічыць Паўднёвую Асэтыю часткай міжнародна прызнанай тэрыторыі Грузіі, адмаўляе ў легітымнасьці выбараў прэзыдэнта рэспублікі, чыю незалежнасьць прызналі толькі Расея, Нікарагуа, Вэнэсуэла і Науру. Беларусь, ад якой Масква таксама чакала прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі, так гэтага і не зрабіла.