Лідзкі замак: рамонт ці рэстаўрацыя?

У Лідзе пачаўся “рамонт”, як паведамляе мясцовая прэса, замка пабудовы 1323 году. Наступны этап — рэстаўрацыя, яе архітэктурны праект знаходзіцца пакуль што на экспэртызе.
Цяпер на замку працуюць рабочыя зь мясцовага будтрэсту № 19. Ці можна спадзявацца, што распачатае ў 1976 годзе аднаўленьне абарончай пабудовы нарэшце здолеюць скончыць?

Будаўнікам пастаўлена задача разбурыць часткі адной зь дзьвюх вежаў і адной сьцяны, якія былі нядбайна складзеныя рабочымі раней. Чыноўнік з гарадзенскага аблвыканкаму не хавае радасьці, праўда, просіць на яго не спасылацца.

Чыноўнік: “Дзякаваць богу, што гэта робіцца. Па-другое, ёсьць праект, ён зроблены ў Менску, рабілі два гады, таму так доўга атрымалася. Такім чынам, я вельмі ўзрушаны тым, што ўсё ж такі працы там пачаліся, і працы ідуць пад назіраньнем рады Міністэрства культуры. Таму ніякай гаворкі ня можа быць, што там штосьці робіцца ня так. Ня так зрабілі ў тыя часы, калі абрынулася сьцяна праз тое, што эканомілі. Вось там якраз была такая рэстаўрацыя, фірму гэтую разагналі. Але гэта я вам кажу неафіцыйна”.

Намесьнік кіраўніка Рэспубліканскай навукова-мэтадычнай рады па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны Ігар Чарняўскі:

“Усё залежыць ад дакумэнтацыі, ад арганізатараў. Там жа нічога складанага няма, элемэнтаў аздобы. Там самае галоўнае — забясьпечыць трываласьць канструкцый, каб збурэньняў больш не было, і выканаць там, дзе цагляная муроўка, дакладную парадоўку, каб гэта сапраўды гатычная муроўка была. Я ня бачу праблемаў у арганізацыі працаў, калі будзе дакумэнтацыя нармальная і нармальны арганізатар”.

Натальля Баранец зь “Мінскпраекту” — і аўтар праекту аднаўленьня Лідзкага замка, і навуковы кіраўнік:

Мы размаўлялі на гэтую тэму, я сказала: гэта ня той аб’ект, дзе можна рабіць агульнабудаўнічыя працы. Сказана было: генпадрадчыкам будзе 19-ты трэст
“Мы размаўлялі на гэтую тэму, я сказала: гэта ня той аб’ект, дзе можна рабіць агульнабудаўнічыя працы. Сказана было: генпадрадчыкам будзе 19-ты трэст, і будзе так, як на Мірскім замку было, Нясьвіскім — на спэцыяльныя працы будуць наймаць спэцыялістаў. Я так зразумела, што працаваць поўнасьцю толькі 19-ты трэст ня будзе. Адсачыць, калі будзе дрэнна зроблена, і спыніць будоўлю — гэта ў стане навуковы кіраўнік ці той, хто будзе весьці працы, ён мае права. Але паўплываць на тое, якая канкрэтна арганізацыя будзе працаваць, на жаль, мы ня можам”.

Як вядома, у Лідзе павінны адбыцца сёлета агульнадзяржаўныя “Дажынкі”. Натальля Баранец:

“Адзінае, што мне не падабаецца, — мяне пакуль палохаюць гэтыя “Дажынкі”, яны больш палохаюць, чым даюць спадзяваньне, што дадуць фінансаваньне нам. Таму што калі там будзе рапарт пра тое, што неадменна, стопрацэнтова да “Дажынак” усё зрабіць, то рэстаўрацыі там ня будзе, гэта адназначна”.

Крушня з каменьня ад сьцяны, якая часткова абвалілася.


Адну недабудаваную вежу і сьцяну замку зараз трэба перарабляць.