Партыя БНФ вітае Беларускі эўрапейскі форум

  • БелаПАН

Ігар Лялькоў, Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў

26 верасьня ў Менску прайшоў сойм Партыі БНФ. Гэта першае пасяджэньне сойма пасьля XII зьезда партыі, праведзенага 5 верасьня, на якім было абрана новае кіраўніцтва.




БНФ адмовіўся ад сустаршынства ў АДС


Партыя БНФ адмовілася ад сустаршынства ў Аб'яднаных дэмакратычных сілах (АДС). Такое рашэньне прынятае 26 верасьня на пасяджэньні сойма.

У той жа час партыя вырашыла захаваць сваё прадстаўніцтва ў прэзыдыюме АДС. У яго склад уключаны член сойма Ўладзімір Лабковіч. Ён надзелены правам удзельнічаць толькі ў тых мерапрыемствах АДС, якія падтрымліваюцца соймам або палітычнай камісіяй Партыі БНФ.

Як заявіў старшыня партыі Аляксей Янукевіч, зь мена фармату ўдзелу ў АДС зьвязана з тым, што структуры, якія ўваходзяць у кааліцыю дэмсіл, ня могуць плянаваць сумесную дзейнасьць з-за наяўнасьці сур'ёзных палітычных супярэчнасьцяў.

БНФ падтрымаў ініцыятыву правядзеньня Беларускага эўрапейскага форуму


Сойм Партыі БНФ таксама падтрымаў ініцыятыву правядзеньня Беларускага эўрапейскага форуму. Паводле меркаваньня членаў сойма, форум павінен прыцягнуць увагу беларускага грамадзтва да пытаньня інтэграцыі Беларусі ў Эўразьвяз.

Сойм дэлегаваў у склад аргкамітэта па правядзеньні форуму свайго прадстаўніка, а таксама рэкамэндаваў членам Партыі БНФ узяць удзел у рэгіянальных сходах па вылучэньні дэлегатаў на Беларускі эўрапейскі форум.



Эўрапейскі форум

14 лістапада
Яго мэта — садзейнічаць дыялогу Беларусі з Еўрасаюзам і ўзмацніць еўрапейскі вектар развіцця краіны.

Ініцыятарамі правядзення Беларускага еўрапейскага форуму і заснавальнікамі аргкамітэта выступілі рух "За Свабоду”, аргкамітэты па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і Партыі свабоды і прагрэсу, міжнародная маладзёжная арганізацыя "Малады фронт" (Чэхія), а таксама іншыя дэмакратычныя арганізацыі. Старшынёй аргкамітэта па правядзенні форуму абраны лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч.

БНФ падтрымаў ідэю стварэньня ў Беларусі нацыянальна-дэмакратычнага блёка


Аляксей Янукевіч
Як паведаміў БелаПАН старшыня партыі Аляксей Янукевіч, прэзэнтацыя мэт і задач такога блёка можа адбыцца ўжо праз некалькі тыдняў. "Я вяду перамовы аб стварэньні гэтага блёка з лідэрам руху "За Свабоду" Аляксандрам Мілінкевічам, а таксама лідэрамі аргкамітэтаў па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Паўлам Севярынцам і Віталем Рымашэўскім. Думаю, дзесьці праз два тыдні мы зможам заявіць пра мэты і задачы блёка, формы сумеснай працы партый і арганізацый, якія ў яго ўвойдуць", — сказаў Янукевіч.

Ён лічыць, што да будучага блёка можа таксама далучыцца міжнародная арганізацыя "Малады фронт", Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада і аргкамітэт па стварэньні Партыі свабоды і прагрэсу.

Паводле слоў лідэра Партыі БНФ, нацыянальна-дэмакратычны блёк будзе імкнуцца пазьбегнуць памылак Аб'яднаных дэмакратычных сіл — у ім, у прыватнасьці, будзе высокая ступень аўтаноміі суб'ектаў.

Янукевіч таксама паведаміў, што блёк ствараецца не пад прэзыдэнцкія выбары, "а на пэрспэктыву". "Не толькі да таго моманту, як прэзыдэнтам стане дэмакратычны палітык, але і надалей, для каардынацыі працы палітычных сіл, аб'яднаных агульнымі палітычнымі каштоўнасьцямі", — падкрэсьліў Янукевіч.

Упершыню ідэя стварэньня нацыянальна-дэмакратычнага блёка была агучана на зьездзе Партыі БНФ 5 верасьня. Гэтую ідэю падтрымаў лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч.