Прадстаўнікі малога бізнэсу цягам тыдня адказваюць на пытаньне – “Ці лёгка быць у Беларусі прадпрымальнікам?”
БІЗНЭС ПА-БЕЛАРУСКУ
Валеры Леванеўскі займаўся бізнэсам з 1991 году, быў адным з кіраўнікоў прадпрымальніцкага руху. Зь якімі цяжкасьцямі сутыкнецца той, хто хоча мець сваю справу ў Беларусі?
Валеры Леванеўскі перш спыняецца на стаўленьні дзяржавы да бізнэсу.
Леванеўскі: “Што б дзяржава ні гаварыла, усё накіравана сёньня на тое, каб забраць у прадпрымальніка грашовыя сродкі любым чынам, у тым ліку штрафамі, іншымі санкцыямі. Другое, што трэба ведаць: заканадаўства так створана, што можна ўзяць любую суму ў прадпрымальніка ў любы час. Не сакрэт, прыходзяць да яго падаткоўцы, іншыя правяральнікі і пытаюцца — на што сёньня складзем пратакол? Таму што ёсьць “яго вялікасьць плян” для ўсіх кантрольных органаў”.
Якія памылкі можа зрабіць прадпрымальнік-пачатковец?
Леванеўскі: “Вельмі трэба быць асьцярожным з крэдытамі. Атрымліваючы крэдыт, прадпрымальнік адказвае сваёй маёмасьцю. І калі прыйдуць апісваць маёмасьць, паколькі бізнэс не ва ўсіх атрымліваецца, то апішуць усё, што знаходзіцца ў доме. Ніхто ня будзе разьбірацца, што частка маёмасьці можа належаць жонцы ці брату”.
А калі маёмасьць апішуць, то пастараюцца яе ўсю канфіскаваць затым, кажа спадар Леванеўскі. Бо ў судах таксама сядзяць дзяржаўныя чыноўнікі, і шанцы выйграць працэс у прадпрымальніка — самыя мінімальныя.
Леванеўскі: “Падкрэсьліваю, як толькі бізнэс пачне разьвівацца, калі зьявіцца нерухомасьць, яна можа быць сканфіскавана. Просты прыклад — справа Аўтуховіча, якая нашумела. Такіх справаў, дайце мне веры, вельмі шмат. Я думаю, што нерухомасьць лепей набываць за мяжой і капіталы туды вывозіць, бо тут гарантыяў, што яны захаваюцца, няма”.
Варта таксама аб’ядноўвацца, зазначае Валеры Леванеўскі.
Леванеўскі: “Мне падабаецца, што прадпрымальнікі цяпер зьезд арганізоўваюць, ва ўсякім разе, спрабуюць гэта зрабіць. Трэба арганізоўвацца, таму што людзі сумеснымі намаганьнямі могуць нейкія пытаньні вырашаць. А паасобку ім вельмі складана менавіта супрацьстаяць гэтай сваволі.