Масква гатовая пры неабходнасьці пашырыць расейскі «чорны сьпіс» асобаў з Эўропы, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі.
Пра гэта 1 чэрвеня заявіла ў эфіры «Русской службы новостей» прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава. Гэта азначае, што да 89 чалавек з розных краін Эўразьвязу могуць дадацца і новыя.
«Улічваючы дачыненьні, якія існуюць паміж Беларусьсю і Расеяй, ці змогуць асобы, якія ўжо знаходзяцца ў расейскім сьпісе, і патэнцыйныя кандыдаты ў яго свабодна ўяжджаць на тэрыторыю Беларусі?» — з гэтым пытаньнем карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да прэсавага сакратара зьнешнепалітычнага ведамства Дзьмітрыя Мірончыка.
Афіцыйны прадстаўнік МЗС адказаў так:
«Усё ж такі не супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў стаяць на памежных пераходах і пускаюць альбо не пускаюць у Беларусь замежных грамадзян. У нас для гэтага ёсьць іншыя структуры. І я параіў бы на гэты конт паразмаўляць зь імі».
Прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка на гэтае ж пытаньне даў наступны адказ:
«Сьпіс, які падрыхтаваны МЗС Расеі, тычыцца ўезду на тэрыторыю Расеі. Размова ідзе, як я разумею, пра людзей, якім забаронена ўяжджаць на расейскую тэрыторыю.
А што тычыцца ўезду на тэрыторыю Беларусі, то ў нас ёсьць свой МЗС. Уезд на тэрыторыю Беларусі з гэтым расейскім сьпісам наўрад ці будзе зьвязаны».
Ці праўда гэта, можна будзе спраўдзіць 16 чэрвеня. У гэты дзень у Беларусь мае намер прыехаць дэлегацыя Эўрапейскага парлямэнту. У яе складзе ёсьць і дэпутатка з Латвіі, віцэ-старшыня фракцыі Эўрапейскай народнай партыі ў Эўрапарлямэнце Сандра Калніетэ, якую ўключылі ў расейскі «чорны сьпіс».
Афіцыйна Масква не называе прозьвішчаў людзей са свайго «чорнага сьпісу». Аднак на розных сайтах яны публікуюцца. Сярод тых, каму нібыта забаронены ўезд у Расею, — Богдан Барусевіч, Ежы Бузэк, Андрус Кубілюс, Вітаўтас Ландсбергіс, Магнус Содэрман, Штэфан Фюле, Карэл Шварцэнберг ды іншыя.