Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Who is Mister Мядзьведзеў?


“Абіраюць ня хлопчыка Дзіму, а ізноў Уладзімера Ўладзімеравіча Пуціна”,– піша расейскі друк пра вылучэньне Мядзьведзева пераемнікам Пуціна.

Газэта «Ведомости» выказвае меркаваньне, што абраньне Мядзьведзева прэзыдэнтам ня будзе азначаць больш лібэральны курс, бо Пуцін пэўна ўраўнаважыць Мядьведзева сілавікамі і прыхільнікамі жорсткага дзяржаўнага курсу, якія будуць прызначаныя на ключавыя дзяржаўныя пасады.
Выданьне цытуе палітоляга Ігара Буніна, паводле якога ўлада Мядзьведзева будзе абмежаваная пуцінскім курсам, большасьцю у парлямэнце і кадравымі дамоўленасьцямі з Пуціным, але аднаўленьне ўлады, мяркуе Бунін, будзе даволі істотным.
Многія выданьні адзначаюць, што Дзьмітры Мядзьведзеў мае рэпутацыю лібэрала, ён, у адрозьненьні ад многіх паплечнікаў Пуціна, ніколі не працаваў у спэцслужбах, выданьні прыгадваюць ягоныя заявы пра большую эфэктыўнасьць прыватных, чым дзяржаўных прадпрыемстваў, вельмі асьцярожную нязгоду з разгромам ЮКОСа Міхаіла Хадаркоўскага, палеміку з крамлёўскім ідэолягам Уладзіславам Сурковым, калі Мядзьведзеў заявіў, што “сувэрэннай дэмакратыі не бывае, дэмакратыя ці ёсьць ці яе няма”. Праўда , назіральнікі характарызуюць гэтую палеміку як спрэчку сяброў, на іх думку менавіта Суркоў можа ўзначаліць крамлёўскую адміністрацыю ў выпадку абраньня Мядзьведзева прэзыдэнтам.
Тыя ж «Ведомости» мяркуюць, што выбар Пуціна быў зроблены на карысьць самага слабага з магчымых пераемнікаў, на думку выданьня, менавіта праз слабасьць Мядзьведзева ён будзе лепш прыняты сілавікамі, чым самастойны і жорсткі Сяргей Іваноў.
Газэта “Время новостей” дае падборку меркаваньняў экспэртаў. Барыс Макаранка адзначае, што калі абраньнікам Крамля быў Зубкоў, гэта азначала б, што Пуцін у хуткім часе вернецца ў Крэмль. Выбар Сяргея Іванова азначаў бы, што гэта “усур'ёз і надоўга”. А з Мядзьведзевым магчыма і так і гэтак, – мяркуе Макаранка.
“Нам прапануюць прэзыдэнта , якога фактычна ня будзе”, – лічыць палітоляг Аляксандар Канавалаў. “Мядзьведзеў ніколі нічым не кіраваў, быў дацэнтам і чыноўнікам адміністрацыі, як ён зможа кіраваць дзяржавай?”.
Канавалаў піша пра магчымасьць тэрміновага стварэньня саюзнай дзяржавы з Беларусьсю. “Я б сказаў “так”, калі б там не было Лукашэнкі. Але яго на казе не аб’едзеш: ён і нафту бясплатную атрымае, і газ, ды яшчэ выйдзе на арэну як усерасейскі палітычны лідэр”.
За “круглым сталом” Радыё Свабода Станіслаў Бялкоўскі выказаў меркаваньне, што падчас выбараў народу будуць тлумачыць, што абіраюць не хлопчыка Дзіму на пасаду прэзыдэнта, а ізноў Уладзімера Уладзімеравіча Пуціна, а Дзіма існуе толькі дзеля праформы. Бялкоўскі лічыць, што ў рэшце рэшт Пуцін ня зойме пасаду прэм'ер-міністра, ужо прапанаваную яму Мядзьведзевым. Андрэй Рабаў зьвяртае ўвагу на заяву Пуціна, якая прагучала яшчэ ў кастрычніку, што дуалістычная мадэль выканаўчай улады – гэта не для Расеі. “Расейская ўладная кляса глядзіць на тое, што адбываецца ва Ўкраіне, як на татальны беспарадак. Яна прызвычаілася да таго, што ёсьць адзіны цэнтар прыняцьця рашэньняў і іншых у прынцыпе быць ня можа”, – кажа расейскі палітоляг Андрэй Рабаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG