Як тлумачыць галоўны лекар менскай Дарожнай станцыі пераліваньня крыві Зьбігнеў Пабяржын, лякарні цяпер будуць атрымліваць пераважна плязму, а ня цэльную кроў. Мэтады ж атрыманьня плязмы, як удакладняе спадар Пабяржын, дазваляюць ужо цяпер скараціць больш як траціну ад колькасьці актыўных донараў.
“Калі цяпер мужчына можа здаваць сваю кроў пяць разоў на год, а жанчына — чатыры, то плязму (незалежна ад таго, хто донар) можна здаваць адзін раз на два тыдні. Плязма вельмі хутка аднаўляецца, калі донар добра харчуецца”, — кажа Зьбігнеў Пабяржын.
І вось як ён тлумачыць апрабаваную ў Беларусі тэхналёгію эканоміі донарскай крыві:
“Да нас прыходзяць донары. Мы забіраем кроў. На цэнтрыфузе падзяляем кроў на два кампанэнты: плязму і эрытрацыты. Плязму пакідаем, а эрытрацыты вяртаем донару. Тут жа на стале зноў бяром кроў. Гэта падвойны донарскі плязмафарэз . Разумееце, наколькі менш трэба донараў?”
У Беларусі на сёньня, як удакладнілі ў Міністэрстве аховы здароўя, агульная колькасьць донараў — 100 тысяч. Зь іх донары плязмы — толькі кожны дзясяты. Як чакаецца, колькасьць донараў пасьля скасаваньня льготаў для іх істотна зьменшыцца.