Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ураган “Кірыл” ў Эўропе: разбурэньні і сьмерці


Тацяна Поклад, Менск Жорсткі ураган з дажджом ўчора абрынуўся на Эўропу, найбольш пацярпелі ў Заходняй Эўропе Вялікая Брытанія, Нямеччына і Галяндыя, а таксама Польшча, Чэхія і Украіна.

Як найменей 33 чалавекі загінулі па ўсёй Эўропе. Моц ветру ў некаторых месцах перавышала 200 км у гадзіну. Ураган разбурыў лініі электараперадачаў, ламаў і перакульваў дрэвы, аўтамабілі, зрываў дахі дамоў.

Эўрапейскія краіны падлічваюць страты, нанесеныя ураганам і мабілізуюць усе магчымасьці, каб супрацьстаяць стыхіі, ад якой, паводле прагнозаў, яшчэ чакаюцца новыя наступы.

Сёньня уначы ураган “Кірыл” абрынуўся на Паўночную Эўропу, пасьля на Галяндыю, Вялікую Брытанію, Нямеччыну. Як найменей 10 чалавек загінулі ў Вялікай Брытаніі, сем – ў Нямеччыне, чатыры ў Нідэрляндах.

У Нямечччыне два чалавекі загінулі ад удару дзьвярэй, якія сарваў вецер. У Галяндыі загінуў 11-гадовы хлопчык - вецер штурхнуў яго пад колы аўтамабіля.

Найбольш сьмяротных выпадкаў па ўсёй Эўропе – у выніку аварыяў на дарогах і ад удараў абломкамі, якія нёс моцны вецер.

Дзесяткі тысяч дамоў па ўсёй Эўропе засталіся бяз электрычнасьці.

Ураган выклікаў хаос у транспартнай сыстэме Эўропы. Адмененыя сотні авіярэйсаў у буйнейшых эўрапейскіх аэрапортах, такія як у Лёндане, Франкфурце-на-Майне, Мюнхэне, Амстэрдаме, Вене, закрытыя дарогі, спынены рух паромаў і чыгункі. У Нямеччыне цалкам спыненая праца чыгуначнага транспарту ва ўсёй краіне. Сотні тысяч людзей былі вымушаныя правесьці ноч у цягніках альбо на станцыях. Новая цэнтральная станцыя Бэрліну зачыненая і пасажыры тэрмінова эвакуяваныя, таму што ураган зламаў частку стальнога апірышча нядаўна збудаванай канструкцыі.

Прэсавы прадстаўнік мэтэаралягічнай службы Нямеччыны Крыстоф Гартман адзначыў:

Гартман: “Асаблівасьць гэтага урагану ў тым, што ён ахапіў усю Нямеччыну, усю краіну, а не проста асобныя зоны. Гэта вельмі рэдкі выпадак”.

Ад урагану загінулі таксама два чалавекі ў Францыі, і два чалавекі – у Польшчы.

У Чэхіі загінулі тры чалавекі, у іх ліку – адзін пажарнік і двое пасажыраў аўтамабіля, усе яны загінулі ад удараў паваленымі ураганам дрэвамі. У Паўдзённай Багэміі тысячы людзей засталіся бяз электрычнасьці, а ў Маравіі ураган пазносіў дахі з многіх дамоў.

У Чэхіі пажарнікі выязджалі на дапамогу ў розныя месцы 1 800 разоў, -- гэта рэкордная лічба дзённых выклікаў цягам апошніх пяці гадоў – звычайна ў дзень бывае 200-280 выклікаў пажарнікаў.

У Нямеччыне, Галяндыі, Чэхіі, Польшчы ў стане гатовасьці знаходзяцца ня толькі усе выратавальныя службы, але й дзесяткі тысяч дабараахвотнікаў.

Ураганны вецер пашкодзіў лініі электраперадач ва Украіне, у Львоўшчыне, у выніку была прыпыненая падача расейскай нафты ў Эўропу, якая ідзе па нафтаправоду праз Украіну. “Укртранснафта” паведаміла, што сёньня пасьля палудню падача нафты будзе адноўленая.

Чакаецца, што ураган дасягне усходняй Украіны і Расеі, але моц ветру зьменшыцца.

Нямеччына, як і іншыя краіны Эўропы, рыхтуецца цяпер да магчымай паводкі. Насельніцтва на узьбярэжжы Паўночнага мора папярэджанае, што узровень вады можа узьняцца на тры з паловай мэтры вышэй звыклага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG