Эўрапейская камісія зьбірае дадзеныя, каб вызначыць, ці парушыў TikTok заканадаўства ЭЗ.
На прэзыдэнцкіх выбарах у Румыніі 24 лістапада нечаканую перамогу ў першым туры атрымаў Кэлін Джарджэску, незалежны нацыяналіст і эўраскептык, які раней быў мала вядомы грамадзкасьці. Выбары былі ануляваныя пасьля таго, як Канстытуцыйны суд атрымаў доказы ўмяшаньня Расеі ў працэс галасаваньня, у прыватнасьці на сайце TikTok. Доказы былі прадстаўленыя румынскімі спэцслужбамі.
Калі дзеяньні кампаніі TikTok будуць прызнаныя не адпаведнымі заканадаўству ЭЗ, сэрвісу пагражае штраф у памеры да 6% ад яго глябальнай выручкі.
«Кожны раз, калі мы падазраём падобнае ўмяшаньне, асабліва падчас выбараў, мы павінны дзейнічаць хутка і рашуча, — заявіла старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен. — Пасля сур’ёзных прыкмет таго, што замежныя суб’екты ўмешваліся ў прэзыдэнцкія выбары ў Румыніі з дапамогай TikTok, мы цяпер старанна расьсьледуем, ці не парушыла кампанія TikTok закон „Аб лічбавых паслугах“, ня справіўшыся з падобнымі рызыкамі».
Рэкляма кантэнту аб Джарджэску распаўсюджвалася на TikTok, што, паводле азначэньня Камісіі, зьяўляецца неарганічнай зьявай [для гэтага сэрвісу]. Спэцыялісты Камісіі лічаць, што такую рэкламу маглі пашыраць боты і фальшывыя акаўнты.
Форум