На закінутым складзе ў каліфарнійскай даліне Сан-Фэрнанда знойдзеныя 16 касэт зь песьнямі Майкла Джэксана, якія раней не выдаваліся, паведамляе The Hollywood Reporter.
Запісы выявіў былы супрацоўнік дарожнага патруля Каліфорніі Грэг Масгроўв. Склад, дзе знайшлі касэты, раней належаў музычнаму прадусару і сьпеваку Браяну Ларэну.
Агулам на іх запісаныя 15 трэкаў (зь іх 12 цалкам завершаныя), над якімі, як мяркуецца, Майкл Джэксан працаваў у пэрыяд з 1989 па 1991 год, да выхаду альбома «Dangerous». Апроч уласна песень на касэтах таксама ёсьць запісы размоваў Джэксана і Ларэна, у якіх яны абмяркоўваюць сваю студыйную працу і самі кампазыцыі.
Некаторыя зь песень раней часткова трапілі ў сеціва, іншыя ніхто ніколі раней ня чуў. Характэрна, што ў адным з трэкаў «Truth on Youth» Джэксан чытае рэп — ён запісаны ў дуэце з рэпэрам LL Cool J (музыка расказваў, што сапраўды супрацоўнічаў з Джэксанам).
Грэг Масгроўв ужо зьвяртаўся да спадчыньнікаў Майкла Джэксана з нагоды сваёй знаходкі — тыя вывучылі запісы, але па невядомай прычыне адмовіліся іх купляць. У афіцыйным лісьце, які сям’я Джэксанаў дала былому паліцыянту, гаворыцца, што спадчыньнікі не прэтэндуюць на касэты. Пры гэтым яны далі зразумець, што любы ўладальнік касэт ня зможа атрымаць аўтарскія правы на гэтыя кампазыцыі. З гэтага вынікае, што гэтыя песьні наўрад ці змогуць быць афіцыйна абнародаваныя, заключае The Hollywood Reporter.
У адказ на гэта Масгроўв заявіў, што зьбіраецца прадаць знойдзеныя запісы калекцыянэрам. Для гэтага ён мае намер зьвярнуцца ў чатыры буйныя аўкцыённыя дамы.
Майкл Джэксан лічыцца адным з самых пасьпяховых музыкаў у гісторыі поп-музыкі. За сваю сольную кар’еру ён выдаў дзесяць студыйных альбомаў, якія разышліся накладам у больш як 500 мільёнаў копій.
Джэксан памёр у чэрвені 2009 году ва ўзросьце 50 гадоў — неўзабаве пасьля таго, як анансаваў маштабны разьвітальны канцэртны тур. Пасьля сьмерці сьпевака выйшлі яшчэ два альбомы яго нявыдадзеных песень.
Форум