Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусцы дазволілі выступіць у Кубку сьвету ў біятлёне ў складзе каманды ўцекачоў


Дар'я Далідовіч разам з бацькам. Архіўнае фота
Дар'я Далідовіч разам з бацькам. Архіўнае фота

Размова пра дачку славутага лыжніка Сяргея Далідовіча Дар’ю.

19-гадовая біятляністка Дар’я Далідовіч дэбютавала на этапе юніёрскага Кубку сьвету як «уцякачка зь Беларусі», паведамляе расейскае спартовае выданьне «Спорт-Экспресс».

У гонцы дзяўчат у італьянскай Валь-Рыданьне беларуска выступіла «бязь сьцяга з пазнакай Belarus Refugee Team (каманда ўцекачоў зь Беларусі)», заняўшы 53-е выніковае месца са 115 магчымых, адзначае газэта.

Раней у Беларусі Далідовіч зазнала дыскрымінацыю, бо яна дачка вядомага лыжніка, удзельніка сямі Алімпійскіх гульняў Сяргея Далідовіча. Аршанец падтрымаў рух пратэсту ў 2020 годзе і быў вымушаны эміграваць. У траўні 2022 году ён падпісаў Антываенную дэклярацыю, прадстаўленую Беларускім фондам спартовай салідарнасьці (BFSS) на фоне вайны ва Ўкраіне. Цяпер жыве і працуе ў польскім Закапанэ.

У студзені 2022 году BSSF зьвярнуўся ў Міжнародную фэдэрацыю лыжнага спорту наконт забароны на выступленьні Сьвятланы Андрыюк і Дар'і Далідовіч з палітычных матываў.

Рашэньне аб забароне прыняла Беларуская фэдэрацыя лыжных гонак — спартоўкам забаранілі ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах на працягу году нават за свой кошт. Андрыюк і Далідовіч двойчы зьвярталіся ў Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі наконт свайго адхіленьня. Абодва разы камітэт, які ачольвае старэйшы сын Лукашэнкі Віктар, праігнараваў запыты, адзначаў BSSF.

У выніку Далідовіч пераехала ў Польшчу разам з бацькам. Раней яна ўдзельнічала ў рэгіянальных польскіх спаборніцтвах у біятлёне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG