Суд у Актобе (Акцюбінская вобласьць, Казахстан) пачаў разглядаць справу 37-гадовага грамадзяніна Беларусі Сяргея Салаўёва, якога вінавацяць у дарожна-транспартным здарэньні зь вялікай колькасьцю ахвяр, паведамляе партал orda.kz.
У ДТЗ загінула восем чалавек, уключаючы пяцярых дзяцей, гаворыцца ў публікацыі выданьня.
Паводле абвінавачаньня, 7 жніўня 2024 году Салаўёў, кіруючы грузавым транспартным сродкам з прычэпам, груба парушыў правілы дарожнага руху. З мэтай абгону ён выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся зь мінівэнам. Усе пасажыры і кіроўца легкавога аўтамабіля загінулі на месцы.
«Завяршыла фура абгон, завяршыла „Газэль“ абгон, і за імі за 10-15 мэтраў, можа 20 максымум, быў [мінівэн] „Таёта Іпсум“. Я аўтаматычна руль вывярнуў налева, таму што справа была машына, якую я абганяў, і кіроўца мінівэна таксама, адначасова мы, атрымліваецца... Ён направа, я налева, ну да сваёй узбочыны», — прыводзіць мэдыя словы беларуса.
Адзначаецца, што падсудны папрасіў прабачэньня ў сваякоў загінулых і прызнаў віну.
Максымальнае пакараньне, прадугледжанае ч. 4 арт. 345 Крымінальнага кодэксу Казахстана («Парушэньне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў асобамі, якія кіруюць транспартнымі сродкамі»), паводле якой абвінавачваюць беларуса, — пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Форум