Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Rzeczpospolita: прэзыдэнты Польшчы і Францыі абмяркуюць міратворцаў для Ўкраіны


Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон падчас свайго візыту ў Варшаву12 сьнежня плянуе абмеркаваць з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам разьмяшчэньне міратворчых сілаў на тэрыторыі Ўкраіны пасьля заканчэньня вайны.

Аб гэтым паведамляюць выданні Politico і Rzeczpospolita са спасылкай на крыніцы.

Паводле зьвестак польскай газэты Rzeczpospolita, Варшава і Парыж абмяркоўваюць патэнцыйную 40-тысячную місію, якая будзе складацца з войскаў розных краін. Суразмоўцы выданьня не ўдакладнілі, зь якіх менавіта дзяржаў ЭЗ могуць прыбыць вайскоўцы. Місія будзе сачыць за рэжымам спыненьня агню і магчымымі парушэньнямі.

Разам з тым адзін высокапастаўлены польскі чыноўнік у размове з Politico зазначыў, што Варшава была зьдзіўленая прапановай Макрона. Па словах суразмоўцы выданьня, пытаньні аб стварэньні міратворчых місій павінны вырашацца ў рамках ААН і АБСЭ, а не падчас дыскусіі прэзыдэнтаў дзьвюх краін.

Раней Макрон выказваў ідэю адпраўкі вайсковых інструктараў для Ўкраіны падчас вайны. Rzeczpospolita таксама адзначае, што прэзыдэнт Францыі, імаверна, абмяркоўваў ідэю міратворчай місіі з абраным прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у мінулую суботу ў Парыжы.

Сам Зяленскі пасьля сустрэчы з Макронам сказаў, што абяцаў падумаць над прапановай францускага прэзыдэнта аб гарантыях бясьпекі для Ўкраіны.

Са слоў Зяленскага вынікала, што Макрон прапанаваў да моманту ўступленьня Ўкраіны ў NATO разьмясьціць у краіне замежны вайсковы кантынгент у якасьці гаранту бясьпекі. Зяленскі не ўдакладніў, пра якую менавіта краіну можа ісьці гаворка, але Макрон раней не выключаў адпраўкі ва Ўкраіну менавіта францускіх вайскоўцаў.

Украінскі лідэр таксама адзначаў, што Кіеву для спыненьня баявых дзеяньняў патрэбны гарантыі бясьпекі ад саюзьнікаў, у тым ліку запрашэньне Ўкраіны ў NATO.

Макрон афіцыйна з канкрэтнай прапановай аб адпраўцы місіі на тэрыторыю Ўкраіны пакуль не выступаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG