Візавыя цэнтры Польшчы абзвоньваюць беларусаў, якія запісаліся на падачу дакумэнтаў на візу і ўдакладняюць, як ім удалося запісацца. Вядомыя выпадкі, калі тым, хто скарыстаўся дапамогай агенцтваў, запіс анулявалі, паведамляе «Люстэрка».
У сацсетках сталі зьяўляцца паведамленьні, што беларусам, якія запісаліся на падачу дакумэнтаў у візавыя цэнтры Польшчы, тэлефануюць супрацоўнікі цэнтраў і цікавяцца, як чалавек злавіў «акенца».
Паводле інфармацыі TikTok-акаўнта «Наши в Польше», гаворка ідзе пра візавы цэнтар Менскай консульскай акругі.
«Тэлефануюць кліентам, якія запісаліся на сьнежань у візавыя цэнтры Менску, Магілёва і Гомля, і просяць пацьвердзіць рэгістрацыю. Пытаюцца, ці самастойна запісваўся чалавек, ці праз агенцтва. Калі праз агенцтва, запіс могуць ануляваць. Калі чалавек кажа, што запісваўся сам, падчас званка яму на пошту высылаюць код пацьверджаньня, які трэба ім агучыць. Адпаведна, калі ў вас няма доступу да пошты, зь якой вы рэгістраваліся ці вас рэгістравалі, ваш запіс таксама могуць ануляваць», — кажа вядоўца TikTok-акаўнта @nashivpolshe.
Пра падобную сытуацыю распавядае і TikTok-акаўнт @kat_visa. «Хто сказаў, што рэгістраваўся з нечай дапамогай, адразу атрымалі ануляваньне запісу», — апісвае сытуацыю вядоўца TikTok-акаўнту.
Візавая экспэртка і рэдактарка рэсурсу visaflow.live Анастасія Лысакоўская распавяла «Люстэрку», што падобныя званкі сталі паступаць з 29 лістапада. Наколькі ёй вядома, практыку з праверачнымі званкамі выкарыстоўваюць упершыню.
«Званкі назіраем з 29 лістапада. Мне пакуль паведамлялі аб тым, што тэлефануюць зь візавых цэнтраў Менскай акругі. Інфармацыі па іншых акругах пакуль не паступала», — кажа Анастасія Лысакоўская.
Паводле яе, усе званкі, пра якія ёй вядома, атрымалі людзі, якія запісваліся на падачу дакумэнтаў на сьнежань. У асноўным ім званілі за пару дзён да падачы дакумэнтаў, адзначае Анастасія Лысакоўская.
«Сутнасьць — удакладніць, як чалавек запісаўся. Калі з чыёйсьці дапамогай, даведаюцца, ці было гэта праз агенцтва. Калі заяўнік адказвае станоўча, рэгістрацыю анулююць. Здаралася, людзі адказвалі, што ім дапамагалі сваякі. Хутка даведацца ў іх высланы на пошту код не атрымлівалася. Запіс у гэтых выпадках анулявалі не заўсёды», — тлумачыць яна.
Паводле рэдактаркі visaflow.live, бывала, чалавек не заўважыў званок і ня зьняў трубку. Потым ён прыяжджаў у візавы цэнтар у патрэбную яму дату і, «паскандаліўшы», падаваў дакумэнты.
«Усё гэта рандомна, кагосьці, хто не адказаў, разгортвалі. Але пакуль у большасьці выпадкаў, пра якія я чула, калі не дазвоньваюцца, прапускаюць. Ёсьць сытуацыі, калі чалавеку, які ня зьняў слухаўку, на пошту дасылалі код. Мая парада: перад паходам на падачу праверце імэйл і ідзіце да іх з кодам», — кажа Анастасія Лысакоўская.
На яе думку, адна з магчымых прычын такіх званкоў — барацьба з фірмамі-пасярэднікамі ў афармленьні візаў. Нягледзячы на гэта, кажа Анастасія, людзі ўсё роўна не перастануць зьвяртацца ў агенцтвы, бо «запісацца на падачу самому складана».
«Мая рэкамэндацыя, але не інструкцыя: калі вам тэлефануюць і прадстаўляюцца, што гэта супрацоўнікі візавага цэнтру, удакладніце, з кім вы размаўляеце, і з асаблівай асьцярожнасьцю раскрывайце пэрсанальныя зьвесткі», — дадае суразмоўца.
Форум