Кандыдат на пасаду канцлера Нямеччыны ад апазыцыйнага блёку Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу (ХДС) і Хрысьціянска-сацыяльнага саюзу (ХСС) Фрыдрых Мэрц 9 сьнежня наведаў Украіну, паведамляе DW.
У сувязі са зьменай улады ў ЗША, якая наступіць неўзабаве, Фрыдрых Мэрц прапанаваў сфармаваць эўрапейскую кантактную групу, каб каардынаваць далейшую дапамогу Ўкраіне.
«Мы павінны зрабіць усё, каб Украіна была ў стане рэалізоўваць без усялякіх абмежаваньняў права на самаабарону», — заявіў ён на сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Кіеве 9 сьнежня.
Эўрапейцы павінны зрабіць усё магчымае, каб вайна ва Ўкраіне як мага хутчэй завяршылася, падкрэсьліў Мэрц. Паводле яго, неабходна падрыхтавацца да прыходу Трампа да ўлады ў ЗША і прадумаць усе магчымыя сцэнары.
Мэрц лічыць, што Эўропе патрэбная стратэгія, якую ня могуць у адзіночку распрацаваць Нямеччына, Францыя ці Вялікая Брытанія. «Гэтую стратэгію мы можам выпрацаваць толькі сумесна», — дадаў ён.
Зяленскі выказаў надзею на пастаўкі далёкабойнай зброі
У сваю чаргу, Зяленскі падзякаваў Нямеччыне за «дапамогу, якую аказваюць у цэлым і ўрад, і парлямэнтары, і людзі, якія прымалі ўкраінцаў з самага пачатку вайны». Адначасова ён выказаў надзею на пастаўкі нямецкай далёкабойнай зброі.
У адказ Мэрц заявіў, што Зяленскаму вядомая ягоная пазыцыя ў пытаньні паставак нямецкіх крылатых ракет TAURUS. «У ёй нічога не зьмянілася», — запэўніў палітык, які не выключае перадачы Ўкраіне такой зброі ў выпадку прыходу хрысьціянскіх дэмакратаў да ўлады ў Нямеччыне.
Зяленскі таксама заявіў, што зьбіраецца патэлефанаваць бліжэйшым часам прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну і ўзьняць пытаньне аб запрашэньні Ўкраіны ў NATO. З Трампам пра гэта яшчэ складана гаварыць, бо ён яшчэ не заняў прэзыдэнцкую пасаду, растлумачыў ён.
Візыт Мэрца ва Ўкраіну
Мэрц прыбыў у Кіеў раніцай 9 сьнежня — праз тыдзень пасьля візыту ва Ўкраіну канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца. «Я прыехаў у Кіеў, каб запэўніць украінскі ўрад і народ Украіны ў тым, што фракцыя ХДС/ХСС стаіць цьвёрда на іх баку, — паведаміў Мэрц. — Мы хочам, каб гэтая кашмарная вайна як мага хутчэй скончылася і ў Эўропе аднавіўся мір».
Раней Фрыдрых Мэрц неаднойчы заяўляў, што Шольц сваёй нерашучай пазыцыяй спрыяе таму, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін працягвае вайну ва Ўкраіне. У прыватнасьці, Мэрц крытыкуе адмову ад перадачы Кіеву нямецкіх далёкабойных ракет. «Крылатыя ракеты TAURUS дазволілі б Украіне сур’ёзна парушыць шляхі забесьпячэньня расейскай арміі», — адзначаў лідэр нямецкай апазыцыі.
Блёк ХДС/ХСС, які вылучыў Мэрца сваім кандыдатам у канцлеры, лідзіруе ў сацапытаньнях напярэдадні датэрміновых выбараў у Бундэстаг, заплянаваных на люты 2025 году. Гэта ня першая паездка Фрыдрыха Мэрца ва Ўкраіну з пачатку поўнамаштабнай вайны, ён наведваў Кіеў у траўні 2022 году.
Форум