Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўляць Беларусь як дзяржаву на міжнародных мерапрыемствах можна будзе толькі пасьля ўхваленьня ўладаў


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларуска Аляксандра Чычыкава (у цэнтры), якая перамагла ў конкурсе «Міс сусьвет на інвалідным вазку», 2017 год
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларуска Аляксандра Чычыкава (у цэнтры), якая перамагла ў конкурсе «Міс сусьвет на інвалідным вазку», 2017 год

Аляксандар Лукашэнка 9 сьнежня падпісаў указ № 459 «Аб прадстаўленьні Рэспублікі Беларусь на міжнародных мерапрыемствах», згодна зь якім цяпер прадстаўляць Беларусь як дзяржаву на міжнародных мерапрыемствах будзе магчыма толькі пасьля адбору ўладамі.

Указам таксама вызначаецца парадак удзелу прадстаўнікоў Беларусі ў міжнародных культурных, спартыўных, адукацыйных мерапрыемствах з «вызначэньнем краінавага пераможцы», дзе прадугледжана прадстаўніцтва дзяржавы толькі адной асобай (адной дэлегацыяй, камандай, калектывам).

У адпаведнасьці з указам фізычная асоба ці каманда з 1 сакавіка 2025 году зможа прадстаўляць Беларусь на такіх мерапрыемствах толькі пры адной з наступных умоваў:

  • праходжаньня імі нацыянальнага адбору,
  • накіраваньня іх для ўдзелу дзяржаўнай арганізацыяй,
  • апавяшчэньня дзяржаўнага органа аб намеры ўзяць удзел у такім мерапрыемстве.

Пры гэтым упаўнаважаны орган мае права прызнаць недапушчальным удзел у міжнародным мерапрыемстве таго ці іншага прэтэндэнта на прадстаўленьне Беларусі.

Прадстаўнік Беларусі, які парушыў парадак, прадугледжаны наступным указам, будзе лічыцца парушальнікам законных інтарэсаў Беларусі і павінен будзе выплаціць кампэнсацыю да 1000 базавых велічыняў (памер кампэнсацыі вызначыць суд пасьля разгляду пазову ўпаўнаважанага органа).

Таксама ў адпаведнасьці з указам выкарыстаньне словаў «Рэспубліка Беларусь», «Беларусь», «нацыянальны», «беларускі» ў найменьнях культурных, спартыўных і адукацыйных мерапрыемстваў, на якіх праходзіць адбор асобаў для падрыхтоўкі ці ўдзелу ў міжнародных мерапрыемствах ад імя Беларусі, з 1 сакавіка 2025 году дапускаецца толькі ў выпадку, калі арганізатарам мерапрыемства выступае дзяржаўная арганізацыя.

Асобна ва ўказе агаворваецца, што Нацыянальная школа прыгажосьці надзяляецца статусам адзінага каардынатара ў арганізацыі і правядзеньні нацыянальнага конкурсу прыгажосьці «Міс Беларусь», адбораў прадстаўніц Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў міжнародных конкурсах прыгажосьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG