Як паведамляе Reuters, у выніку толькі 195 дэпутатаў з 300 прагаласавалі за імпічмэнт. Для імпічмэнту патрабавалася 200 галасоў — дзьве траціны дэпутатаў.
Апазыцыйныя партыі лічаць, што прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль спрабаваў учыніць дзяржаўны пераварот. Тысячы людзей выйшлі ў суботу на вуліцы Сэулу, каб падтрымаць імпічмэнт.
Раней прэзыдэнт папрасіў прабачэньня за ўвядзеньне ваеннага становішча.
«Мне вельмі шкада. Я прыношу шчырыя прабачэньні людзям, якія былі вельмі напалоханыя», — сказаў Юн у звароце з канцылярыі прэзыдэнта, цытуе яго агенцтва «Ронхап».
Юн растлумачыў, што абвяшчэньне ваеннага становішча было выклікана «роспаччу прэзыдэнта, які нясе адказнасьць за дзяржаўныя справы». Ён паабяцаў не ўхіляцца ад юрыдычнай і палітычнай адказнасці за свой крок і падкрэсліў, што другога ваеннага становішча «дакладна ня будзе», перадае KBS.
Юн аб’явіў аб увядзенні ваеннага становішча «дзеля барацьбы з унутранымі прыхільнікамі КНДР» у аўторак, 3 сьнежня. Указ, які дзейнічаў шэсьць гадзін, забараняў працу палітычных партый, пратэсты, страйкі, уводзіў цэнзуру і ваенна-палявыя трыбуналы з правам на вынясеньне сьмяротнага прысуду.
Перад будынкам парлямэнту сабраліся пратэстоўцы — больш за пяць тысяч, паводле ацэнак апазыцыі. Дэпутаты падчас штурму будынка вайскоўцамі прагаласавалі за адмену рашэньня прэзыдэнта. Пасьля гэтага ён паводле закону быў вымушаны адмяніць указ. Ключавыя чыноўнікі, у тым ліку міністар абароны Кім Ён Хён, сышлі ў адстаўку.