5 сьнежня сырыйская армія заявіла, што перадысьлякуе войскі «для захаваньня жыцьцяў мірных жыхароў і перадухіленьня гарадзкіх баёў» пасьля таго, як ісламісцкія паўстанцы ўвайшлі ў ключавы сырыйскі горад Хама, што стала яшчэ адной стратай для прэзыдэнта краіны Башара Асада, а таксама ягоных саюзьнікаў у Расеі і Іране.
«За апошнія некалькі гадзін, з узмацненьнем супрацьстаяньня паміж нашымі вайскоўцамі і тэрарыстычнымі групоўкамі... гэтыя групоўкі змаглі прарвацца на некалькіх напрамках у горадзе і ўвайсьці ў яго», — гаворыцца ў заяве сырыйскага войска ад 5 сьнежня.
Хама, чацьвёрты па велічыні горад Сырыі, зьяўляецца ключавым да абароны Дамаска і варотамі ў прыбярэжныя гарады Тартус і Латакія, у першым зь якіх знаходзіцца стратэгічная расейская ваенна-марская база.
Днём раней сырыйскія і расейскія войскі абстралялі паўстанцаў, выкарыстоўваючы авіяўдары, у спробе спыніць іх наступ.
«З гэтым (прасоўваньнем у горадзе Хама) у Асада сапраўдныя праблемы. Хомс на чарзе, і яго сельская мясцовасьць нашмат больш падатлівая для садзейнічаньня прасоўваньню апазыцыі», — напісаў у сацыяльнай сетцы Х Чарльз Лістэр, старшы навуковы супрацоўнік і дырэктар праграмаў па Сырыі і супрацьдзеяньні тэрарызму і экстрэмізму ў Інстытуце Блізкага Ўсходу.
Паўстанцы, на чале ісламісцкай групоўкі Хаят Тахрыр аш-Шам дамагліся значных посьпехаў за апошнія некалькі дзён, уключаючы захоп Алепа, найбуйнейшага горада Сырыі, а таксама 14 цэнтральных вёсак і гарадоў, і наблізіліся на адлегласьць 35 кілямэтраў да расейскай авіябазы ў Хмэйміме. Сырыя перадала авіябазу Расеі ў 2015 годзе, калі Масква ўмяшалася, каб дапамагчы Дамаску пераламаць ход чатырохгадовай грамадзянскай вайны на сваю карысьць.
- Наступ паўстанцаў у Сырыі пад камандаваньнем радыкальнай групоўкі Хаят Тахрыр аш-Шам, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і іншых краінах, пачаўся 27 лістапада ў правінцыях Алепа і Ідліб. Цяпер гэтыя раёны знаходзяцца пад кантролем паўстанцаў.
- Рэжым Асада падтрымліваюць Расея, Іран, а таксама лібанская шыіцкая групоўка «Хэзбала», прызнаная тэрарыстычнай у ЗША. У Эўразьвязе тэрарыстычным лічыцца ваеннае крыло «Хэзбалы», але не палітычная партыя.
- Расейская авіяцыя 30 лістапада нанесла ўдары па Алепа — упершыню з 2016 году.
- У Расеі, аднаго з ключавых саюзьнікаў Башара Асада, у Сырыі ёсьць авіябаза на аэрадроме «Хмэймім» і база ВМФ у порце Тартус. У міжземным моры на сталай аснове дзейнічае расейская эскадра. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях у Сырыі з 2015 году, калі самалёты ВКС Расеі пачалі бамбаваць пазыцыі супернікаў Асада ў грамадзянскай вайне. Пры бамбаваньнях Алепа, паводле шматлікіх паведамленьняў, загінула мноства мірных жыхароў. Пры падтрымцы Расеі і Ірану сырыйскім урадавым войскам удалося ўзяць пад кантроль большую частку тэрыторыі краіны. Перамір’е, заключанае пры ўдзеле Расеі і Турэччыны, дзейнічала з 2020 году.
Форум