Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, выезду ў Польшчу ў пункце пропуску Казловічы (з другога боку — Кукырыкі) чакаюць 1020 грузавікоў; 160 легкавых аўтамабіляў чакаюць выезду з пункту пропуску Берасьце (з сумежнага боку — Тарэспаль).
На мяжы зь Літвой у Каменным Логу (Меднікі) чакаюць выезду 560 грузавікоў, і 490 — у Беняконях (Салечнікі). На мяжы з Латвіяй у пункце пропуску Грыгораўшчына (Патэрніекі) 500 грузавікоў. Легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў на мяжы зь Літвой і Латвіяй няма.
У канцы лістапада ўрад Беларусі зьмяніў пункты, у якіх адбываецца перачэпліваньне грузавога транспарту і перагрузка тавараў. Гэтыя зьмены закранулі мяжу Літвы і Латвіі. У прыватнасьці, гэтыя дзеяньні забаранілі ў пункце мытнага афармленьня «Ліда-аўта», але дазволілі на складзе часовага захоўваньня «Беняконі-ТЛЦ», што на мяжы зь Літвой. На гэтым кірунку перачэпліваньне і перагрузку таксама дазволілі на складзе часовага захоўваньня «Катлоўка». На мяжы з Латвіяй у зоне чаканьня «Урбаны» забаранілі перачэпліваньне і перагрузку.
У канцы кастрычніка Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі паведаміў аб увядзеньні абавязковай электроннай рэгістрацыі для грузавікоў для выезду праз пункт пропуску «Казловічы» на мяжы з Польшчай.
Літва ўвяла электронныя чэргі для грузавікоў на мяжы зь Беларусьсю з 1 сьнежня 2024 году. З гэтага дня ўвесь грузавы транспарт, які накіроўваецца ў памежныя пункты Меднікі і Салечнікі на мяжы зь Беларусьсю, павінен будзе загадзя рэзэрваваць выбраны час перасячэньня мяжы ў літоўскай інфармацыйнай сыстэме кіраваньня чаргой (EVIS). Калі грузавік прыбудзе ў зону чаканьня без рэзэрваваньня часу на перасячэньне мяжы, ён зможа зарэгістравацца ў пункце EVIS на найбліжэйшы вольны час, аднак літоўскія памежнікі «настойліва рэкамэндуюць» рэгістравацца ў чарзе загадзя.
8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два літоўскія памежыя пераходы — у Медніках і Салечніках.
Пасьля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
19 верасня 2023 году з прычыны павелічэньня наплыву нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і пункт пропуску Сіленэ (Урбаны).
Форум