Пра гэта паведамляе партал «Люстэрка» са спасылкай на Міністэрства фінансаў Польшчы.
Паведамляецца, што ў 2020–2021 гадах арганізаваная злачынная група кантрабандай увезла ў Польшчу цыгарэты на суму больш за 435 мільёнаў злотых (звыш 105 мільёнаў даляраў паводле цяперашняга курсу). Група дзейнічала ў Польшчы, Беларусі, Славаччыне, Даніі, Вялікай Брытаніі і Ірляндыі.
«Затрыманыя падазраюцца ва ўчыненьні злачынстваў, у тым ліку ўхіленьні ад падатковых плацяжоў, кантрабандзе і перавозцы цыгарэт зь Беларусі і Славаччыны Польшчу на як мінімум 27 грузавіках. Злачынная група была добра арганізаваная і мела дакладнае разьмеркаваньне роляў. Лідэры перадавалі хабары для атрыманьня інфармацыі аб працы памежных пунктаў», — гаворыцца ў паведамленьні польскага Міністэрства фінансаў.
Падчас ператрусаў у затрыманых былі канфіскаваныя сродкі сувязі, больш за 500 тысяч злотых, 23,9 тысячы эўра, аўтамабілі, ювэлірныя вырабы і дарагія гадзіньнікі. Таксама ў іх знайшлі агнястрэльную зброю, у тым ліку кулямёт з патронамі, глушылкі для GPS-сыгналаў і прылады для хуткай зьмены нумароў аўтамабіляў.
Сярод затрыманых — трое былых супрацоўнікаў KAS (Нацыянальная падатковая адміністрацыя) і адна дзейная супрацоўніца, якая працавала на памежным пераходзе ў Кузьніцы.
Усім затрыманым выставілі абвінавачаньне. Па рашэньні пракуратуры 16 чалавек былі арыштаваныя на тры месяцы, астатнім былі прызначаны іншыя меры стрыманьня. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
Форум