Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадзенскія ўлады адмовіліся вешаць памятную дошку на доме, дзе жыў Быкаў


Магіла Васіля Быкава ў Менку, Беларусь. Архіўнае фота
Магіла Васіля Быкава ў Менку, Беларусь. Архіўнае фота

Беларусы склалі пэтыцыю да ўладаў Горадні з просьбай усталяваць памятную дошку на доме, дзе жыў пісьменьнік Васіль Быкаў. Аднак у гарвыканкаме адмовілі.

Аўтары пэтыцыі прасілі павесіць мэмарыяльную дошку на доме 28 па вуліцы Вялікая Траецкая ў Горадні, дзе з 1958 году жыў народны пісьменьнік БССР, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі БССР Васіль Быкаў, піша «Люстэрка».

«Адсутнасьць мэмарыяльнай дошкі перашкаджае належнаму ўшанаваньню яго ўкладу ў беларускую і сусьветную літаратуру», — гаворыцца ў звароце.

Аднак з Горадзенскага гарвыканкаму прыйшла адмова — там патлумачылі, што горад ня мае фінансаваньня на стварэньне «аб’ектаў манумэнтальнага мастацтва», а дадатковыя крыніцы фінансаваньня таксама адсутнічаюць.

Дом на Вялікай Траецкай у Горадні, дзе жыў Васіль Быкаў. Архіўнае фота
Дом на Вялікай Траецкай у Горадні, дзе жыў Васіль Быкаў. Архіўнае фота

Разам з тым намесьніца старшыні Горадзенскага гарвыканкаму Зоя Кулеша расказала, што «ў студзені 2023 году ў літаратурным аддзеле Горадзенскага дзяржаўнага гісторыка-архэалягічнага музэя была пашырана экспазыцыя, прысвечаная Быкаву, там экспануюцца асабістыя рэчы пісьменьніка».

Раней жыхары Гродна таксама сабралі подпісы за помнік Быкаву. Аднак тая ж Зоя Кулеша паведаміла, што ўсталяваньне такіх помнікаў не ўваходзіць у кампэтэнцыю гарадзкіх уладаў.

Пасьля перамогі Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 1994 года Быкаў, які яго крытыкаваў, стаў аб’ектам пастаянных нападак з боку ўладаў. Гэта вымусіла яго выехаць за мяжу. З 1998 году ён па запрашэньні ПЭН-цэнтра жыў у Фінляндыі, потым у Нямеччыне, Чэхіі. У 2003 годзе ён вярнуўся ў Беларусь, маючы праблемы са здароўем. 22 чэрвеня 2003 году Васіль Быкаў памёр у рэанімацыі анкалягічнага шпіталя ў Бараўлянах. Яго пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG