Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па выніках кансультацый Канады зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі ўхвалілі камюніке ў  падтрымку свабоднай Беларусі


Падчас адной з сустрэчаў Сьвятланы Ціханоўскай у Атаве
Падчас адной з сустрэчаў Сьвятланы Ціханоўскай у Атаве

Кансультацыі Канады зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі «пацьвердзілі агульнае бачаньне свабоднай і дэмакратычнай Беларусі — свабоднай ад прыгнёту, карупцыі і ўмяшаньня».

Пра гэта гаворыцца ў сумесным камюніке, падрыхтаваным па выніках першага раўнду кансультацый 26 лістапада ў Атаве і апублікаваным 28 лістапада канадзкім замежнапалітычным ведамствам.

Бакі заявілі аб прыхільнасьці «далейшаму адстойваньню агульных дэмакратычных каштоўнасьцяў і свабод, паглыбленьню партнэрства з дапамогай пашырэньня супрацоўніцтва і сумесных ініцыятыў».

Канада «падкрэсьліла сваю прыхільнасьць актывізацыі міжнародных намаганьняў у супрацьдзеяньні апэрацыям расейскага ўплыву і абароне правоў грамадзян Беларусі, у тым ліку права на самавызначэньне».

Удзельнікі кансультацый заявілі пра важнасьць «аб’яднаньня беларускай грамадзянскай супольнасьці з эўрапейскімі і паўночнаамэрыканскімі дэмакратычнымі інстытутамі і ўмацаваньня міжнародных сетак, якія пашыраюць магчымасьці беларускага народу ў яго барацьбе за свабоду, правы чалавека і незалежнасьць».

Канадзкі ўрад пацьвердзіў «прыхільнасьць ужываньню мэтанакіраваных санкцый супраць фізычных і юрыдычных асоб, якія парушаюць правы чалавека, і тых, хто прама ці ўскосна падтрымлівае агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны».

«Прызнаючы крытычна важную ролю незалежных СМІ», бакі дамовіліся падтрымліваць беларускіх журналістаў і мэдыяарганізацыі, асабліва тыя, якія даюць дакладную інфармацыю аўдыторыі як унутры Беларусі, так і за яе межамі.

Удзельнікі «выказалі сур’ёзную занепакоенасьць з нагоды непавагі да волі беларускага народу, асабліва па меры набліжэньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2025 годзе, якія, як чакаецца, ня будуць ні свабоднымі, ні справядлівымі».

Канада і беларускія дэмакратычныя сілы «рашуча асудзілі сыстэматычнае ўжываньне катаваньняў і бесчалавечнага, зьневажальнага для чалавечай годнасьці абыходжаньня ці пакараньня, утрыманьне пад вартай бяз сувязі з вонкавым сьветам і іншыя формы рэпрэсій у Беларусі» і «заклікалі да неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў і аднаўленьня дэмакратычных свабод».

Мэтай кансультацый названыя «абарона асноўных правоў чалавека, устойлівасьць дэмакратыі, мэтанакіраваныя санкцыі, дэмакратызацыя, вяршэнства закону і намаганьні ў забесьпячэньні адказнасьці рэжыму Лукашэнкі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG