Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя разагнала праэўрапейскі пратэст у Тбілісі, шмат затрыманых. Апазыцыя заклікала на новую акцыю

абноўлена

Прэзыдэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі (справа) перад заслонай паліцыі. Тбілісі, ноч на 29 лістапада 2024
Прэзыдэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі (справа) перад заслонай паліцыі. Тбілісі, ноч на 29 лістапада 2024

Пасьля заявы прэм’ер-міністра Грузіі Іраклія Кабахідзэ пра згортваньне эўраінтэграцыі краіны ў Грузіі з новай сілай пачаліся антыўрадавыя пратэсты. Улады адказалі сілавым разгонам.

Дэманстрацыя выйшла на праспэкт Руставэлі, яна пачалася ўвечары 28 лістапада. Зь дзьвюх гадзін ночы, пасьля некалькіх гадзін пэрыядычных сутыкненьняў паміж паліцыяй і дэманстрантамі на вуліцы Чычынадзэ, з аднаго з бакоў парлямэнту, МУС пачаў разгон акцыі.

Паліцыя пайшла на сілавы разгон, ужываючы сьлезацечны газ і дубінкі.

Падчас разгону пратэсту ў Тбілісі
Падчас разгону пратэсту ў Тбілісі

Разгон працягваўся да раніцы 29 лістапада. Пасьля затрыманьня многіх пратэстоўцаў паліцыянты білі па твары і патыліцы. МУС ужыла таксама вадамёт і пярцовы газ. Паводле зьвестак МУС Грузіі, пад час пратэстаў затрымалі 43 чалавек.

У разгоне пацярпеў журналіст грузінскай службы Радыё Свабода Дато Цагарэлі. На праспэкце Руставэлі ён вёў жывы этэр, калі яго ўдарылі супрацоўнікі спэцназу. Карэспандэнт быў апрануты ў куртку з пазнакай «Прэса» і трымаў у руках мабільны тэлефон, зь якога вёў этэр. Другі журналіст Свабоды атрымаў удар каля парлямэнту.

Параненыя ў Тбілісі журналісты. Каляж
Параненыя ў Тбілісі журналісты. Каляж

Ёсьць некалькі параненых апазыцыйных палітыкаў.

У самым будынку парлямэнту ўзмоцнена ахова. Колішняя міністарка абароны Грузіі Тына Хідашэлі напісала, што грузінскае войска павінна ў такім выпадку абараніць народ і радзіму.

Грузінская служба Радыё Свабода паведамляе і пра іншых пацярпелых журналістаў, што можа сьведчыць пра наўмысную атаку сілавікоў на іх з мэтай застрашэньня. Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі раскрытыкавала гвалт паліцыі ў дачыненьні журналістаў на дэманстрацыі.

Вадамёты падчас разгону пратэсту ў Тбілісі
Вадамёты падчас разгону пратэсту ў Тбілісі

«Я падтрымліваю грузінскія СМІ, супраць якіх ужываецца непрапарцыйная сіла», — сказала яна.

Улады Грузіі з партыі «Грузінская мара» раней заявілі аб прыпыненьні перамоваў з Эўразьвязам да 2028 году і адмову ад эўрапейскай фінансавай дапамогі да таго ж году. Рашэньне партыі ўлады агучыў прэм’ер-міністар краіны Іраклі Кабахідзэ.

Апазыцыя параўнала гэтае рашэньне «Грузінскай мары» з рашэньнем экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў 2013 годзе адмовіцца ад падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам, пасьля якога ў Кіеве адбылася «Рэвалюцыя годнасьці».

Акцыя апазыцыі ў Тбілісі
Акцыя апазыцыі ў Тбілісі

28 лістапада, за некалькі гадзін да рашэньня «Грузінскай мары» аб прыпыненьні інтэграцыі ў Эўразьвяз, Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой назваў парлямэнцкія выбары 26 кастрычніка сфальсыфікаванымі, не прызнаў іх вынікаў і запатрабаваў прымяніць санкцыі ў дачыненьні лідэраў кіроўнай партыі Грузіі.

У пятніцу, 29 лістапада, а 19-й гадзіне мясцовага часу грузінская апазыцыя склікае новую акцыю пратэсту. Пра гэта заявіў кіраўнік партыі «Стратэгія Агмашанэбэлі» Георгі Вашадзэ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG