«Рэдакцыя спрабуе вырашыць праблемы, але проста цяпер сытуацыя крытычная. Безь фінансавага ўдзелу чытачоў далейшае існаваньне выданьня зробіцца немагчымым. Мы вельмі хочам працаваць для вас далей, таму зьвяртаемся па тэрміновую падтрымку», — паведамілі ў рэдакцыі «Новага часу».
Журналісты адзначаюць, што «цяпер рэдакцыя перажывае надзвычай складаны час».
У сваім звароце рэдакцыя нагадвае, што выданьне «Новы час» выходзіць з 2002 году і зьяўляецца адным зь нешматлікіх цалкам беларускамоўных незалежных мэдыя.
У кастрычніку 2021 году ў сядзібе выданьня і па месцы жыхарства журналістаў прайшлі ператрусы, сілавікі канфіскавалі кампутары і іншую офісную тэхніку. Цяпер за кратамі застаюцца два журналісты выданьня — асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня Дзяніс Івашын, а таксама Мікалай Дзядок, які адбывае 5-гадовы тэрмін зьняволеньня. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
Пасьля ператрусаў у рэдакцыі і канфіскацыяў тэхнікі выданьне «Новы час» выходзіць онлайн. Паводле рэдакцыі, пасьля падзеяў жніўня 2020 году на працягу году «Новы час» заставаўся адным зь нешматлікіх сродкаў сувязі палітвязьняў з вонкавым сьветам, бо да спыненьня выпуску друкаванай вэрсіі газэты яна трапляла і за краты.
Для дапамогі рэдакцыі на плятформе BySol адкрылі дабрачынны збор. Сабраныя сродкі дазволяць выплаціць затрыманыя заробкі супрацоўнікам «Новага часу» за тры месяцы і працягнуць далейшую працу выданьня «да атрыманьня сродкаў зь іншых крыніц», гаворыцца на старонцы збору.
Форум