Пратэстоўцы, якія на працягу некалькіх дзён ішлі ў бок Ісламабаду з апорнага пункту Імрана Хана ў правінцыі Хайбэр Пахтунхва на паўночным захадзе, былі разагнаныя, а сталіца ачышчана ад пратэстоўцаў, заявіў міністар унутраных спраў Махсін Накві. Супрацоўнік службы бясьпекі паведаміў Радыё Свабода, што ў сталіцы арыштавана каля 500 чалавек.
Партыя Хана Пакістан Тэхрык-і Інсаф (ПТІ) выступіла 27 лістапада з заявай, што пратэст, падчас якога былі забітыя па меншай меры шэсьць чалавек — чатыры супрацоўнікі сіл бясьпекі і двое пратэстоўцаў, часова прыпыняецца. Апазыцыя абвінаваціла ўрадавыя сілы ў жорсткасьці.
Акрамя таго, кіраўнік ПТІ ў горадзе Пэшавар у Хайбэр Пахтунхве пацьвердзіў, што партыя адмяніла акцыю пратэсту. Там абяцаюць прыдумаць «новую стратэгію».
Жонка Хана, Бушра Бібі, і галоўны міністар правінцыі Хайбэр Пахтунхва Алі Амін Гандапур, ключавы хаўрусьнік Хана, «бясьпечна» вярнуліся ў правінцыю з Ісламабаду пасьля разгону сіламі бясьпекі.
Пратэст пачаўся ў выходныя, калі больш за 10 000 чалавек парушылі ўрадавую забарону на публічныя сходы і блякаваньне Ісламабаду. Яны ўступілі ў баі з прыблізна 20 тысячамі сілавікоў. У гэты момант у Пакістан прыляцеў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.
Пратэстоўцаў, некаторыя зь якіх былі ўзброеныя палкамі і рагаткамі, пасьпяхова разагналі, пасьля таго як на месца прыбыло падмацаваньне вайскоўцаў.
72-гадовы Хан, былая супэрзорка крыкету — найпапулярнейшага спорту ў Пакістане, стаў вядомым у краіне палітыкам. Быў прэм’ер-міністрам. Больш за год ён у турме, яму прад’явілі абвінавачаньні больш як па 150 крымінальных справах. ПТІ заявіла, што справы палітычна матываваныя.
ПТІ кінула выклік ураду з таго часу, як Хана не дапусьцілі да ўдзелу ў выбарах у лютым, і рэгулярна ладзіць дэманстрацыі з мэтай захопу грамадзкіх месцаў у Ісламабадзе і іншых буйных гарадах.
Перад рэйдамі сілы бясьпекі прымянілі сьлезацечны газ і гумовыя кулі па прыхільніках Хана, пасьля таго як тысячы людзей пайшлі на прарыў блёкпастоў. Нягледзячы на забарону на грамадзкія сходы, яны прайшлі каля 150 кілямэтраў з паўночнага захаду ў бок Ісламабаду.
Форум