Заснавальніка мэдычнага цэнтру «Новы зрок» Алега Каўрыгіна завочна асудзілі на 12 гадоў зьняволеньня. Галоўнай бухгальтарцы, намесьнікам дырэктара і галоўнай мэдсястры прысудзілі ад 3 гадоў 3 месяцаў да 3 гадоў 6 месяцаў зьняволеньня з адтэрміноўкай на 3 гады, паведамляе БелТА з спасылкай на Генпракуратуру.
Алегу Каўрыгіну прысудзілі 12 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 400 тысяч беларускіх рублёў у даход дзяржавы і пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на 5 гадоў.
Акрамя гэтага, у лік кампэнсацыі шкоды, прычыненай нявыплатай падатку на прыбытак, па пазове намесьніка генпракурора Беларусі «з Каўрыгіна ў даход дзяржавы спагнана звыш 3 мільёнаў беларускіх рублёў», паведамілі ў Генпракуратуры.
Як паведаміла дзяржаўная абвінаваўца Тацяна Гракун, Каўрыгіна прызналі вінаватым у
- выплаце заробкаў у канвэртах («арганізацыі і кіраваньні ўхіленьнем ад выкананьня абавязкаў падатковага агента па пералічэньні падаткаў у асабліва буйным памеры, у арганізацыі і кіраваньні ўхіленьнем ад выплаты страхавых унёскаў у асабліва буйным памеры»),
- ухіленьні ад выплаты падаткаў, што прывяло да прычыненьня шкоды ў асабліва буйным памеры,
- садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці, у тым ліку паўторна,
- распальваньні сацыяльнай варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці,
- дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь,
- закліках да санкцыяў і іншых дзеяньняў,
- прычыненьні шкоды нацыянальнай бясьпецы краіны і іншых дзеяньнях.
Сам Алег Каўрыгін неаднойчы казаў, што расцэньвае крымінальную справу супраць сябе і мэдцэнтру «Новы зрок» як палітычны перасьлед, мэта якога — «выкрасьці сродкі і будынкі замежных інвэстараў».
Галоўную бухгальтарку Марыну Баярчук прызналі вінаватай ва ўхіленьні ад выкананьня абавязкаў падатковага агента ў пералічэньні падаткаў і ва ўхіленьні ад выплаты страхавых унёскаў у асабліва буйным памеры. Намесьнікаў дырэктара Алену Варашкевіч і Аляксандра Салаўёва, а таксама галоўную мэдсястру Тацяну Ярмольчык — у дапамозе гэтым злачынствам.
Ім прысудзілі ад 3 гадоў 3 месяцаў да 3 гадоў 6 месяцаў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на 3 гады. Таксама ім прысудзілі штрафы ад 24 да 40 тысяч беларускіх рублёў. Марыну Баярчук таксама пазбавілі права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, а таксама са зьдзяйсьненьнем юрыдычна значных дзеяньняў, на 5 гадоў.
Паводле Каўрыгіна, асуджаныя супрацоўнікі «Новага зроку» не знаходзіліся пад вартай, але ўсе яны «былі вымушаныя працаваць са сьледзтвам „у поўным аб’ёме“». Заснавальнік «Новага зроку» раней выказаў здагадку, што гэтым чатыром супрацоўнікам, хутчэй за ўсё, паабяцалі, што іх не асудзяць «на рэальныя тэрміны» і «ўзамен прапанавалі абгаварыць яго».
- Мэдычны цэнтар «Новы зрок» пачаў працаваць у 1999 годзе, яго заснаваў беларускі прадпрымальнік Алег Каўрыгін. Усяго ў Беларусі было 5 клінік з такой назвай.
- Вясной 2023 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Беларусі заявіў, што ў клініках нібыта выплачвалі грошы супрацоўнікам у канвэртах.
- На заснавальніка Алега Каўрыгіна завялі крымінальную справу за нявыплату падаткаў.
- 27 ліпеня 2023 году Мінздароўя забрала ліцэнзію ў «Новага зроку» нібыта за падачу ў момант яе атрыманьня «падробленых дакумэнтаў зь недакладнымі зьвесткамі пра адказных асобаў, якія не былі працаўладкаваныя на прадпрыемстве».
- Пяць клінік сеткі «Новы зрок» у Беларусі знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі.
- 19 сакавіка 2024 году Алег Каўрыгін ехаў у Беларусь, каб трапіць на суд аб адабраньні прыбытку з даходаў мэдцэнтру за 2022 год, аднак у Польшчы яго на запыт Беларусі затрымаў Інтэрпол. Праўда, пасьля Каўрыгіна адпусьцілі.
- Цяпер Алег Каўрыгін жыве за мяжой і працуе над праектамі клінік у Вялікай Брытаніі і на Мальце. Таксама ягоныя цэнтры дзейнічаюць у Літве, Расеі, Украіне, Нарвэгіі.
- Сьледчы камітэт Беларусі пачаў працэс спэцвядзеньня ў дачыненьні да Алега Каўрыгіна ў траўні 2024 году.
Форум