Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За паўгода амаль 800 беларусаў трапілі ў расейскую базу вышуку. Як праверыцца?


Маскоўскі аэрапорт Дамадзедава. Ілюстрацыйнае фота
Маскоўскі аэрапорт Дамадзедава. Ілюстрацыйнае фота

Расейская і беларуская базы даўно сынхранізаваныя. Гэта азначае, што калі чалавека шукаюць у Беларусі, яго затрымаюць і ў Расеі. «Медиазона» прааналізавала сьпіс: усяго ў расейскім сьпісе на вышук цяпер 4402 беларусы. Побач зь некаторымі, аднак, пазнака пра тое, што іхныя імёны з вышуку выдалілі.

За 6 месяцаў Расея дадала ў базу вышуку 773 грамадзяніна Беларусі. «Медиазона» прагледзела гэты сьпіс і расказвае, хто ў ім.

У абноўленым сьпісе тых, хто адшукваецца, знаходзяцца каля 30 былых палітвязьняў, гэта Міхаіл Багуцкі, Антон Кліменка, Вадзім Чараўко, Анастасія Юманава, Лізавета Прынесьлік, Мікалай Ляпешка, Канстанцін Карней, Мікалай Каўцэвіч, Ганна Валодзька, Аляксандар Лемеш, Віталь Мурашка, Ірына Серажонак, Юлія Абадоўская, Андрэй Сямчук, Андрэй Анішчанка, Інга Рэйндольф.

Шукаюць і былога бармэна гомельскай установы «Кватэрнік» Глеба Веташкіна, якога затрымлівалі за падпіску на суполку «Чай з малінавым варэньнем». Пасьля затрыманьня ён пакінуў радзіму.

Вадзім Хіжнякоў, які адбыў тэрмін па абвінавачаньні ў гвалце над міліцыянтам, таксама абвешчаны ў міждзяржаўны вышук. Як і Станіслаў Паўлінковіч, якога падчас адбыцьця «хіміі» перавялі ў калёнію. Яшчэ ў вышук абвясьцілі Глеба Гатоўку, які выйшаў на волю пасьля 4 гадоў у зьняволеньні, Генадзя Сьмірнова, якому пасьля калёніі прыйшлося выехаць зь Беларусі разам з сынам, Алега Філіпава, які адбыў 1,5 года па абвінавачаньні ў абразе Лукашэнкі і іншых былых палітвязьняў.

У базе таксама і шэраг беларускіх журналістаў. Сярод іх былы кіраўнік беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, дэпутат Вярхоўнага Савету і журналіст Сяргей Навумчык, літаратурны рэдактар і аўтар Радыё Свабода Сяргей Дубавец, на якога завялі крымінальную справу ў тым ліку пра «адмаўленьне генацыду беларускага народу» і «дыскрэдытацыю Беларусі».

У вышуку таксама журналісты-расьсьледнікі зь «Бюро Мэдыя»: Аляксандар Ярашэвіч, Ксенія Вязьніцава, Аляксей Карпека і Вольга Альхіменка. У вышуку знаходзяцца тры прадстаўнікі «Беларускага расьсьледніцкага цэнтру»: яго заснавальнік Станіслаў Івашкевіч, кіраўнік сайту Лола Бурыева і вядоўца праграмы Weekly Top Fake Алена Чарняўская.

Акрамя іх, некалькі журналістаў тэлеканалу «Белсат»: Зьміцер Буянаў, Ігар Кулей і Зьміцер Міцкевіч. Шукаюць кіраўніка спартовага сайту tribuna.com Максіма Беразінскага, выдаўца інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандра Старыкевіча, журналістаў Дзьмітрыя Бяганскага і Аляксея Гуліцкага, які ў тым ліку піша для «Новой газеты. Балтия».

У вышук абвясьцілі таксама журналістаў Кацярыну Пытлеву, Ігара Палынскага, Зою Хруцкую і фатографа Аляксандра Васюковіча, які выехаў зь Беларусі пасьля прысуду за ўдзел у пратэстах.

Ёсьць у сьпісе беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне, грамадзкія дзечы і палітыкі. У вышук абвясьцілі добраахвотнікаў Арцёма Моладава, Андрэя Трацэўскага, Радзівона Батуліна і Паўла Кухто, прадстаўніка палка імя Каліноўскага і брата загінулага падчас пратэстаў фаната з Маладэчны Мікіты Крыўцова.

Шукаюць сузаснавальніцу ініцыятывы dissidentby Марыну Касінераву і праваабаронцу Сяргея Сыса, якога завочна абвінавачваюць паводле артыкулу аб садзейнічаньні «экстрэмісцкай дзейнасьці». Апынуўся ў вышуку і 74-гадовы Ян Дзяржаўцаў — стваральнік грамадзкай ініцыятывы «Хайсы — віцебскія „Курапаты“».

Адшукваюць Мікіту Кулініча — сына Аляксандра Кулініча, які памёр у берасьцейскім СІЗА. У ізалятары мужчына чакаў суду ў справе аб абразе Лукашэнкі.

У вышук абвясьцілі сёстраў прарасейскай актывісткі Эльвіры МірсалімавайНіну і Крысьціну. У базе ёсьць і маці актывіста Ільлі Міронава Валянціна, супраць якой распачалі крымінальную справу аб садзейнічаньні «экстрэмісцкай дзейнасьці», і маці былога палітвязьня Віктара Пархімчыка і экс-адвакатка Галіна Пархімчык.

Як праверыць сябе

У адмысловым пошуку, дзе зьмяшчаецца абноўленая база расейскага вышуку беларусаў, складзеная «Медиазоной», можна праверыць сябе і сваіх знаёмых.

У табліцы на сайце «Медиазоны» трэба ўставіць хаця б тры літары з прозьвішча. Часьцей за ўсё там не пазначана, паводле якога артыкулу шукаюць чалавека.

Знакам «+» адзначаны тыя, каго дадалі ў базу ў пэрыяд зь лютага па красавік 2024 году. Тыя, каго за гэты час зь яе выдалілі, адзначаныя крыжыкам «х».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG